ПАСТАНОВА № 20 Аб падтрымцы беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаюцца за незалежнасць Украіны
2025-07-29
У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам Рэспублікі Беларусь “Аб ветэранах” і Рэгламентам дзейнасці Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі ПАСТАНАЎЛЯЕ:
Беларускія добраахвотнікі* ва Украіне (далей – беларускія добраахвотнікі) – абаронцы незалежнасці, гонару і годнасці дэмакратычнай Беларусі.
Для мэтаў аховы правоў і законных інтарэсаў беларускіх добраахвотнікаў, у тым ліку загінуўшых (памерлых) пры выкананні воінскіх (службовых) абавязкаў, і іх сямей лічыць неабходным прадставіць ім права на:
штомесячную дапамогу ў памеры, які будзе вызначаны легітымным дэмакратычным Урадам Рэспублікі Беларусь;
пенсію ў памеры не менш 200 адсоткаў сярэдняй заработнай платы ў Рэспубліцы Беларусь;
пазачарговае атрыманне медыцынскай дапамогі ў дзяржаўных установах аховы здароўя, у тым ліку ведамаснай падпарадкаванасці;
атрыманне дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў;
ільготы пры прыёме (залічэнні) ва ўстановы адукацыі;
бясплатную юрыдычную дапамогу;
іншыя меры сацыяльнай аховы, прадугледжаныя Законам Рэспублікі Беларусь “Аб ветэранах”.
Рэалізацыя правоў, пазначаных у частцы першай дадзенага пункта, адбываецца ў парадку, вызначаным легітымным дэмакратычным Урадам Рэспублікі Беларусь.
Рэалізацыя мер, пазначаных у пункце 2 дадзенай пастановы, з’яўляецца неад’емнай часткай палітыкі пераходнага перыяду і падлягае ажыццяўленню кожным прадстаўніком легітымных дэмакратычных уладаў Рэспублікі Беларусь.
Развіццё супрацоўніцтва з арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, міжнароднымі партнёрамі і спецыялізаванымі фондамі, якія ўжо аказваюць або могуць аказваць падтрымку беларускім дабраахвотнікам, з’яўляецца адным з прыярытэтаў дзейнасці Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі і ўключае, у тым ліку:
спрыянне рэалізацыі правоў і законных інтарэсаў беларускіх добраахвотнікаў і членаў іх сямей;
распрацоўку і падтрымку інфармацыйных, гуманітарных і прававых ініцыятыў;
каардынацыю намаганняў па рэабілітацыі, адаптацыі і ахове.
Даручыць Прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі:
весці сістэмны маніторынг патрэб і праблем беларускіх добраахвотнікаў і членаў іх сямей і ўносіць прапановы па іх вырашэнні;
распрацоўваць прапановы аб магчымых механізмах падтрымкі беларускіх добраахвотнікаў і членаў іх сямей;
не радзей аднаго разу на тры месяцы прадстаўляць на разгляд Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі аналітычныя і арганізацыйныя матэрыялы для прыняцця далейшых рашэнняў.
Дадзеная пастанова не абмяжоўвае і не адмяняе дапамогу, якая прадугледжана для беларускіх добраахвотнікаў у адпаведнасці з заканадаўствам іншых краін.
Дадзеная пастанова ўступае ў сілу з моманту падпісання і дзейнічае да ўнясення змен у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб ветэранах” і іншыя законы Рэспублікі Беларусь легітымным заканадаўчым органам Рэспублікі Беларусь.
Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі
29 ліпеня 2025 г.
*Грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія:
абаранялі (абараняюць) незалежнасць, суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і прымалі (прымаюць) непасрэдны ўдзел у антытэрарыстычнай аперацыі, забеспячэнні яе правядзення або ў рэалізацыі мерапрыемстваў па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі і абароны, адпору і стрымліванні ўзброенай агрэсіі Расійскай Федэрацыі ў Данецкай і Луганскай абласцях;
у складзе добраахвотніцкіх фарміраванняў, што былі створаны або самаарганізаваліся для абароны незалежнасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, прымалі непасрэдны ўдзел у антытэрарыстычнай аперацыі, знаходзячыся непасрэдна ў раёнах правядзення аперацыі, пры ўмове, што ў далейшым такія фарміраванні былі ўключаны ў склад Узброеных Сіл Украіны, МУС, Нацгвардыі і іншых ваенных фарміраванняў;
да 23 лютага 2018 года ўключна прымалі ўдзел у антытэрарыстычнай аперацыі не менш за 30 каляндарных дзён (у тым ліку сукупна);
з 24 лютага па 25 сакавіка 2022 года ў адпаведнасці з Законам Украіны “Пра забеспячэнне ўдзелу грамадзянскіх асоб у абароне Украіны” або ва ўзаемадзеянні з Узброенымі Сіламі Украіны і іншымі органамі прымалі ўдзел у мерапрыемствах па забеспячэнні абароны Украіны.
Пастанова ўступае ў сілу з моманту зацвярджэння і падлягае публікацыі на афіцыйных інфармацыйных рэсурсах Аб’яднанага Пераходнага Кабінета.



