ПАСТАНОВА № 17 “Аб Нацыянальным пашпарце Беларусі”
2025-04-08
Улічваючы, што рэжым Лукашэнкі пазбавіў грамадзянаў Беларусі, якія знаходзяцца за межамі краіны, магчымасці атрымліваць нацыянальныя дакументы, якія засведчваюць асобу і грамадзянства (указ ад 4 верасня 2023 года № 278),
Адзначаючы, што такія дзеянні нелегітымнага рэжыму ў Беларусі з’яўляюцца грубым парушэннем канстытуцыйных правоў і свабодаў нашых грамадзян і спробай абмежаваць магчымасці для іх легальнага знаходжання ў замежных краінах,
Імкнучыся стварыць найбольш спрыяльныя ўмовы дзеля вырашэння адміністрацыйных пытанняў, якія тычацца ідэнтыфікацыі асобы, а таксама легалізацыі знаходжання грамадзян Беларусі ў замежных краінах,
Апіраючыся на рэкамендацыі рэзалюцыі ПАРЕ 2499 (2023) “Аб вырашэнні канкрэтных выклікаў, з якімі сутыкаюцца беларусы ў выгнанні”,
Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі пастанаўляе:
Ухваліць распрацаваны Геральдычнай радай праект “Нацыянальны пашпарт Беларусі” і зацвердзіць ўзор гэтага дакумента ў адпаведнасці з апісаннем, якое змешчана ў дадатку № 1.
Даручыць адміністрацыйнае вядзенне праекта “Нацыянальны пашпарт Беларусі”, унясенне (пры неабходнасці) прапаноў па ўдакладненню ўзора, збор і апрацоўку неабходных персанальных дадзеных у адпаведнасці з міжнароднымі патрабаваннямі, а таксама выдачу дакументаў установе “Беларускі пашпартны цэнтр (БПЦ)”.
Падрыхтаваць неабходную прававую базу і правесці перамовы з міжнароднымі арганізацыямі і ўрадамі з мэтай стварэння ўмоў для яго міжнароднага прызнання ў якасці ідэнтыфікацыйнага і праязнога дакумента.
Забяспечыць інфармацыйную падтрымку праекта “Нацыянальны пашпарт Беларусі” як інструмента абароны правоў і кансалідацыі грамадзян Беларусі ў замежных краінах.
Заахвочваць стварэнне ўмоў для выкарыстання дакумента для пацвярджэння асобы і ўдзелу ў інструментах лічбавай дэмакратыі, створаных для грамадзянскай супольнасці Беларусі.
Заслухоўваць справаздачы аб рэалізацыі праекта “Нацыянальны пашпарт Беларусі” на пасяджэннях АПК кожныя тры месяцы.
Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі
08 красавіка 2025 г.



