ПАСТАНОВА №11 «Аб Нацыянальнай камісіі па ўзнагародах»
2024-11-16
У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 года, Законам Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь» і Рэгламентам дзейнасці Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі ПАСТАНАЎЛЯЕ:
Стварыць Нацыянальную камісію па ўзнагародах.
Зацвердзіць:
Палажэнне аб Нацыянальнай камісіі па ўзнагародах і яе персанальны склад (у дадатку);
Пералік нацыянальных узнагарод Беларусі (у дадатку).
Нацыянальнай камісіі па ўзнагародах у шасцімесячны тэрмін унесці на разгляд Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі прапановы па зацвярджэнні статутаў нацыянальных узнагарод паводле пераліку ў дадатку і прыняць іншыя меры па рэалізацыі дадзенай пастановы.
Дадзеная пастанова ўступае ў сілу з моманту падпісання і дзейнічае да ўнясення зменаў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб Дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь» легітымным найвышэйшым органам прадстаўнічай і заканадаўчай улады Рэспублікі Беларусь.
Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі
16.11.2024
ЗАЦВЕРДЖАНА Пастанова Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі 16.11.2024 № 11
Палажэнне аб Нацыянальнай Камісіі па ўзнагародах
1. АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1.1. Нацыянальная Камісія па ўзнагародах (далей – Камісія) з'яўляецца пастаянна дзейным дарадчым органам, створаным для вызначэння кандыдатаў да ўзнагароджання нацыянальнымі ўзнагародамі Беларусі да часу аднаўлення законнасці і дэмакратычнага дзяржаўнага ладу на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
1.2. Камісія дзейнічае на бязвыплатнай аснове.
1.3. Рашэнні Камісіі носяць рэкамендацыйны характар. Канчатковае рашэнне прымае Абʼяднаны Пераходны Кабінет Беларусі.
1.4. У сваёй дзейнасці Камісія кіруецца гэтым Палажэннем, статутамі нацыянальных узнагарод Беларусі, міжнароднай практыкай, а таксама існуючай практыкай і традыцыямі ўзнагароджанняў Рэспублікі Беларусь, Беларускай Народнай Рэспублікі і Вялікага княства Літоўскага. Пералік нацыянальных узнагарод Беларусі, якія знаходзяцца ў кампетэнцыі Камісіі, прыведзеныя ў дадатку да гэтага Палажэння.
2. АСНОЎНЫЯ ЗАДАЧЫ, ПРАВЫ І АБАВЯЗКІ КАМІСІІ
2.1. Асноўнымі задачамі Камісіі з'яўляюцца: • разгляд пытанняў аб узнагароджванні нацыянальнымі ўзнагародамі і прадстаўленне Абʼяднанаму Пераходнаму Кабінету Беларусі кандыдатаў на ўзнагароджанне нацыянальнымі ўзнагародамі Беларусі або прапановаў аб пазбаўленні такіх узнагарод; • унясенне на зацвярджэнне Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі праектаў статутаў нацыянальных узнагарод і паправак да іх; • удзел у падрыхтоўцы цырымоній уручэння нацыянальных узнагарод; • вывучэнне і абагульненне практыкі ўзнагароджвання і ўручэння нацыянальных узнагарод, папулярызацыя ў грамадстве нацыянальных узнагарод Беларусі і беларускіх традыцый у гэтай сферы.
2.2. Для вырашэння пералічаных у падпункце
2.1 дадзенага пункта задач Камісія мае права:
• запытваць і атрымліваць у вызначаным парадку матэрыялы па пытаннях, якія датычацца кампетэнцыі Камісіі;
• заслухоўваць на сваіх пасяджэннях вонкавых экспертаў па пытаннях, якія ўваходзяць у кампетэнцыю Камісіі;
• інфармаваць Абʼяднаны Пераходны Кабінет Беларусі па пытаннях, якія ўваходзяць у кампетэнцыю Камісіі, а таксама даваць рэкамендацыі і тлумачэнні па пытаннях, якія датычацца кампетэнцыі Камісіі;
• атрымліваць інфармацыю аб уручэнні нацыянальных узнагарод.
2.3. Камісія абавязаная:
• кіравацца ў сваёй дзейнасці прынцыпамі законнасці, дэмакратычнасці, празрыстасці і непрадузятасці;
• выконваць асобныя даручэнні Абʼяднанага Пераходнага Кабінета Беларусі па пытаннях, якія датычацца кампетэнцыі Камісіі;
• разглядаць прапановы, заявы і скаргі па пытаннях узнагароджвання нацыянальнымі ўзнагародамі і дасылаць ім адказы.
3. СКЛАД КАМІСІІ
3.1. У склад Камісіі ўваходзіць не менш за 5 і не больш за 15 сяброў.
3.2. Склад Камісіі, яе старшыня і намеснік старшыні фармуецца праз зацвярджэнне з боку Аб’яднанага Пераходнага Кабінету Беларусі.
3.3. Сябрамі Камісіі прызначаюцца выбітныя беларускія дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, навукоўцы, дзеячы культуры, профільныя эксперты. У склад Камісіі могуць уваходзіць замежныя эксперты. Пры фармаванні складу Камісіі па магчымасці ўлічваюцца прынцыпы разнастайнасці і гендарнага балансу.
3.4. Сяброўства ў Камісіі бестэрміновае.
3.5. Сябра Камісіі можа быць выключаны з яе шэрагаў: - па ўласнай заяве, - рашэннем Камісіі або - пастановай Аб’яднанага Пераходнага Кабінету Беларусі.
4. АРГАНІЗАЦЫЯ ПРАЦЫ КАМІСІІ. РАЗГЛЯД ХАДАЙНІЦТВАЎ АБ УЗНАГАРОДЖАННІ НАЦЫЯНАЛЬНЫМІ ЎЗНАГАРОДАМІ
4.1. Працу Камісіі ўзначальвае і арганізуе старшыня Камісіі, а ў яго адсутнасць – намеснік старшыні Камісіі.
4.2. Пасяджэнні Камісіі праводзяцца па меры неабходнасці, але не радзей за адзін раз у год. Пасяджэнні Камісіі могуць праходзіць з дапамогай сродкаў відэасувязі.
4.3. Рашэнне аб даце пасяджэння Камісіі прымаецца старшынём Камісіі. Не пазней, чым за тры дні да даты правядзення пасяджэння Камісіі, старшыня Камісіі накіроўвае сябрам Камісіі апавяшчэнне аб даце пасяджэння Камісіі, праект парадку дня, копіі дакументаў, якія прадстаўляюцца на разгляд Камісіі. Прапановы сябраў Камісіі аб уключэнні дадатковых пытанняў у парадак дня пасяджэння ўносяцца ў пісьмовай форме старшыні Камісіі да пачатку пасяджэння ці непасрэдна падчас пасяджэння.
4.4. Пасяджэнне Камісіі лічыцца правамоцным, калі на ім прысутнічае не менш за палову яе сябраў. Рашэнні Камісіі прымаюцца простай большасцю галасоў прысутных на пасяджэнні сябраў Камісіі. У выпадку разгляду ўзнагародных матэрыялаў у дачыненні да сябра Камісіі, гэтая асоба ўдзелу ў галасаванні не прымае, пра што робіцца адпаведны запіс у пратаколе Камісіі. Сябры Камісіі маюць роўнае права голасу пры абмеркаванні разгледжаных даных на пасяджэннях пытанняў і прыняцці па іх рашэнняў. Пры роўнасці галасоў прынятым лічыцца рашэнне, за якое прагаласаваў старшыня Камісіі на пасяджэнні. Па рашэнні старшыні Камісіі можа праводзіцца дыстанцыйнае электроннае галасаванне цягам 24 гадзін з моманту пастаноўкі пытання на галасаванне. Пры немагчымасці прысутнічаць на пасяджэнні Камісіі, сябры Камісіі могуць перадаваць права свайго голасу іншым сябрам, пра што яны павінны паведаміць у пісьмовай форме старшыні Камісіі да пачатку пасяджэння. Па запрашэнні старшыні Камісіі ў пасяджэннях Камісіі могуць прымаць удзел прадстаўнікі суб'ектаў унясення хадайніцтваў аб узнагароджванні і іншыя асобы. Па рашэнні старшыні Камісіі ім можа быць дадзена слова для выступу без права голасу.
4.5. Рашэнні Камісіі афармляюцца пратаколам, які падпісваецца старшынём Камісіі.
4.6. Камісія разглядае пытанні па даручэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, на падставе ўнесеных у вызначаным парадку хадайніцтваў арганізацый і фізічных асоб, а таксама па асабістай ініцыятыве.
4.7. Па выніках разгляду хадайніцтваў аб узнагароджанні нацыянальнай узнагародай Камісія можа прыняць наступныя рашэнні:
• аб рэкамендацыі да ўзнагароджвання нацыянальнай узнагародай Беларусі;
• аб змяненні віду або ступені нацыянальнай узнагароды Беларусі, да ўзнагароджвання якой прадстаўленая асоба,
• аб немэтазгоднасці ўзнагароджвання асобы нацыянальнай узнагарода. Аб прынятым рашэнні Камісія інфармуе ініцыятара ў 30 дзённы тэрмін.
4.8. Камісія можа прыняць рашэнне аб немэтазгоднасці ўзнагароджвання нацыянальнай узнагародай у выпадках:
а) выяўлення недакладнасці звестак, якія змяшчаюцца ў хадайніцтве і прадстаўленых дакументах;
б) неадпаведнасці асобы крытэрам, вызначаным у статуце адпаведнай узнагароды.
4.9. У выпадку прыняцця Камісіяй рашэння аб немэтазгоднасці ўзнагароджвання асобы нацыянальнай узнагародай, хадайніцтва і прадстаўленыя дакументы вяртаюцца ініцыятару хадайніцтва з абгрунтаваннем прычын адмовы. Паўторнае прадстаўленне да ўзнагароджання нацыянальнай узнагародай кандыдата, у дачыненні да якога Камісія прыняла рашэнне аб немэтазгоднасці ўзнагароджання, магчымае не раней, чым праз год з дня прыняцця Камісіяй названага рашэння.
4.10. На падставе рэкамендацый Камісіі Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі прымае рашэнне аб узнагароджванні нацыянальнымі ўзнагародамі. Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі інфармуе Камісію аб сваім рашэнні цягам 10 дзён.
4.11. Камісія пры неабходнасці ўдзельнічае ў падрыхтоўцы цырымоніі ўзнагароджання і можа ўдзельнічаць у правядзенні ўручэння нацыянальных узнагарод. Урачыстае ўручэнне нацыянальных узнагарод праводзіць кіраўнік/кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, ці, па яго/яе даручэнні ўпаўнаважаныя прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі або сябры Камісіі.
ЗАЦВЕРДЖАНА Пастанова Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі 16.11.2024 № 11
Пералік нацыянальных узнагарод Беларусі:
1. Медаль “Гонар і годнасць”
2. Медаль Францыска Скарыны
3. Медаль няскораных Ларысы Геніюш
4. Медаль за плённую працу на карысць Беларусі
5. Крыж Адраджэння (братоў Луцкевічаў)
…



