Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

ПАСТАНОВА №8 Аб абвяшчэнні 2024 г. годам беларускай нацыянальнай традыцыі

2023-12-23

Беларуская культура — адна са старажытных і развітых еўрапейскіх культур, чыя летапісная гісторыя сягае ў мінуўшчыну больш як на 12 стагоддзяў. За гэты час беларускі народ стварыў шмат помнікаў матэрыяльнай і духоўнай спадчыны, якія лучаць нашу гісторыю і сучаснасць у адзінства нацыянальнай традыцыі. Беларусам ёсць чым ганарыцца. Многія арыгінальныя традыцыі, заняткі і звычаі нашай зямлі прызнаныя аб’ектамі нематэрыяльнай культурнай спадчыны пад аховай ЮНЕСКА. Традыцыйны беларускі арнамент і нацыянальныя вышыванкі для нас не проста напамін пра былое, гэта тое, што аздабляе і ўпрыгожвае наша адзенне сёння.

Беларуская культура захавала ўзоры народнай, сялянскай, арыстакратычнай, магнацкай і шляхецкай традыцый, а таксама традыцыі ўсіх народаў, якія насялялі наш край. Беларусы шануюць цэрквы і касцёлы, сінагогі і мячэці; пісалі кірыліцай, лацінкай і арабіцай; літаратура развівалася на розных мовах — беларускай, рускай, польскай, украінскай, літоўскай і ідыш. Нацыянальная традыцыя — як слуцкі пояс, у арнаментах якога зашыфраваная наша вялікая культурная гісторыя.

Сёння, калі беларусаў пазбаўляюць многіх прыкмет нацыянальнага, вынішчаючы традыцыйную лацінку і падмяняючы самабытнасць чужароднымі звычаямі, кожнаму варта нагадаць сабе, што ўяўляе сабой наш сапраўдны беларускі скарб.

Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі пастанаўляе:

  1. Абвясціць 2024 год Годам беларускай нацыянальнай традыцыі.

  2. Даручыць прадстаўніцы Кабінета па нацыянальным адраджэнні сумесна з дэмакратычнымі сіламі, грамадскімі арганізацыямі і культурнымі ініцыятывамі распрацаваць план мерапрыемстваў па падтрымцы беларускай нацыянальнай традыцыі, яе вывучэнні і папулярызацыі.

Толькі сумеснымі высілкамі беларусаў мы зможам захаваць сябе як нацыю і стварыць лепшую будучыню. Развіваць і захоўваць веды пра нацыянальную традыцыю, выкарыстоўваць яе элементы ў штодзённым жыцці, перадаваць гэты каштоўны код будучым пакаленням — важная частка цяперашняга змагання за свабоднае, дэмакратычнае і заможнае жыццё.

Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі

23 снежня 2023 г.
Вільня, Варшава

Main carousel image