Куды звярнуцца беларусам ва Украіне, калі ўзнікаюць праблемы з дакументамі, выплатамі ці сацыяльнай дапамогай?
2026-10-15
25 кастрычніка Місія дэмакратычных сілаў Беларусі ва Украіне арганізуе сацыяльную прыёмную, дзе беларусы змогуць атрымаць кансультацыі па пытаннях легалізацыі, медыцынскай і сацыяльнай дапамогі, ваеннай службы, правоў ветэранаў і падтрымкі сем’яў вайскоўцаў.
Вольга Зазулінская, кіраўніца Місіі, тлумачыць галоўную задачу прыёмнай:«Часта чалавеку складана нават зразумець, з чаго пачаць вырашэнне сваёй праблемы і да каго звяртацца. Наша задача — дапамагчы разабрацца ў сітуацыі, знайсці патрэбныя кантакты і вызначыць канкрэтныя наступныя крокі. Мы не можам замяніць дзяржаўныя ўстановы, але можам дапамагчы чалавеку не застацца сам-насам са сваёй праблемай».
Асобная ўвага будзе нададзеная беларускім добраахвотнікам, ветэранам і іх сем’ям. Анастасія Махамет, намесніца кіраўніцы Місіі па пытаннях беларускіх добраахвотнікаў, ветэранаў і іх сем’яў, акцэнтуе ўвагу на практычнай дапамозе:«Да нас можна звяртацца з юрыдычнымі, міграцыйнымі і сацыяльнымі праблемамі, звязанымі з вайсковай службай або яе наступствамі. Пры гэтым не мае значэння, у якім падраздзяленні чалавек служыць ці служыў. Мы працуем не з інтарэсамі асобных падраздзяленняў, а з праблемамі людзей.
Нават калі вам ужо адказалі, што нічога зрабіць нельга, гэта не падстава адмаўляцца ад пошуку рашэння. Мы дапаможам разабрацца ў дакументах, высветліць, якія магчымасці існуюць, і зразумець, што можна зрабіць далей».
Як атрымаць кансультацыю 25 кастрычніка?
📍 Асабісты прыём: 10:00–15:00
📞 Тэлефонныя кансультацыі: 16:00–18:00
Для ўдзелу неабходна загадзя запоўніць рэгістрацыйную форму.
Папярэдняя рэгістрацыя дапаможа прадстаўніцам Місіі азнаёміцца з пытаннямі і падрыхтаваць больш дакладныя адказы.



