Павел Латушка: Культура — гэта мост паміж нашым мінулым і будучыняй, гэта аснова нашай ідэнтычнасці
2026-10-13
«Захаванне спадчыны, нацыянальнай культуры, яе развіццё — гэта не проста праца з мінулым, гэта абарона і івестыцыя ў нашу будучыню і стварэнне імунітэту грамадства супраць таталітарызму», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латукша падчас адкрыцця міжнароднай канферэнцыі «Пасля таталітарызму: музей, памяць і беларуская перспектыва».
Канферэнцыя прайшла ў Музеі Вольнай Беларусі, праекце Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, і была прысвечана памяці пра рэпрэсіі, таму, як як музеі і даследчыя інстытуцыі працуюць з траўмай таталітарнага мінулага, дзяржаўным гвалтам, памяццю пра ахвяр і захаваннем спадчыны. У канферэнцыі прынялі ўдзел больш за 20 спікераў з 15 краін свету.
«Для мяне як для былога міністра культуры Беларусі пытанні захавання культурнай спадчыны і нацыянальнай памяці маюць прынцыповае і асабістае значэнне. Культура — гэта мост паміж нашым мінулым і будучыняй, гэта аснова нашай ідэнтычнасці. Сёння, калі таталітарны рэжым у Беларусі імкнецца перапісаць гісторыю і знішчыць усё незалежнае, гэтая прастора — Музей Вольнай Беларусі — стала асяродкам захавання памяці пра супраціў беларусаў і пра кошт нашай барацьбы за свабоду.
Антыбеларускі рэжым Лукашэнкі вядзе беспрэцыдэнтную рэпрэсіўную кампанію супраць беларускай культуры. З 2020 года ліквідавана больш за 260 арганізацый культурнай сферы. Паводле даных Беларускага ПЭНа, не менш за 428 дзеячаў культуры былі звольнены з палітычных прычын. Больш за 100 прадстаўнікоў культуры сёння знаходзяцца за кратамі.
Тое, што адбываецца сёння ў Беларусі, — гэта ўжо нават не проста рэпрэсіі. Гэта спроба поўнага паглынання Беларусі ідэалогіяй «рускага свету». Рэжым Лукашэнкі знішчае беларускую культурную спадчыну і мову, каб пазбавіць нас будучыні.
Таму для нас важна выпрацоўваць механізмы, як падтрымліваць беларускую культуру ў гэтых беспрэцыдэнтных умовах, у якіх мы знаходзімся.
Менавіта таму мы выносім гэтую тэму і на міжнародны ўзровень. Як чалец дэлегацыі Каардынацыйнай Рады ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, я паслядоўна падымаю пытанні падтрымкі беларускай культуры на гэтай высокай еўрапейскай платформе. Таксама як чалец дэлегацыі Каардынацыйнай Рады ў ПАРЕ, падтрымліваю распрацоўку дакладу ПАРЕ па сітуацыі ў беларускай культуры і ўдзячны дэпутатцы Сейма Польшчы Агнежцы Памасцы, якая з'яўляецца дакладчыцай па гэтым пытанні», — адзначыў Павел Латушка.




