Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Масавыя рэпрэсіі ў цэнтры Еўропы не могуць стаць руцінай

2026-10-12

«Рэжым баіцца альтэрнатывы і нашай суб’ектнасці. Яму жыццёва неабходна пазбавіць беларускі народ уласнага палітычнага голасу. Дыктатура марыць застацца адзіным актарам, з якім Захад будзе вымушаны весці торг над галовамі беларусаў», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас адкрыцця дыскусіі «Ад зняволення да выгнання: Беларусь і глабальная пагроза транснацыянальных рэпрэсій», якая была прысвечана сітуацыі з незалежнымі СМІ ў Беларусі і транснацыянальным рэпрэсіям, якія здзяйсняе рэжым Лукашэнкі супраць беларусаў.

Спецыяльнае мерапрыемства, прысчвечанае сітуацыі ў Беларусі, адбылося ў межах 4-га Гамбургскага тыдня свабоды прэсы. Гамбург гістарычна займае адметнае месца на карце незалежнай журналістыкі — як горад з багацейшымі традыцыямі свабоднай прэсы і радзіма найбуйнейшых еўрапейскіх медыяінстытутаў.

Падчас мерапрыемства выступіў прадстаўнік МЗС Германіі Алексіс Белаў.

У дыскусіі таксама прынялі ўдзел дырэктар Journalists in Need Network Сяргей Мядзведзеў, прадстаўніца Беларускай асацыяцыі журналістаў Ксенія Луцкіна, прадстаўніца вядучага нямецкага выдання Die Zeit Аліса Бота і дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў.

«У Беларусі знішчана незалежная рэгіянальная і нацыянальная прэса. У краіне створана практыка, дзе проста адказаць на пытанне незалежнага журналіста, адправіць фота ці напісаць каментар у СМІ азначае гарантаванае завядзенне крымінальнай справы. Артыкул Крымінальнага кодэкса пра "спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці" масава ўжываецца ў адносінах да звычайных грамадзян — па даных Беларускай асацыяцыі журналістаў, толькі за першую палову гэтага года яго выкарысталі амаль у пяцісот крымінальных справах.

Але пераслед журналістаў — гэта толькі вяршыня самых маштабных рэпрэсій у сучаснай гісторыі Еўропы. Рэжым Лукашэнкі ажыццяўляе сістэмнае і бесперапыннае падаўленне беларускага грамадства», — адзначыў Павел Латушка.

Падчас выступлення Павел Латушка адзначыў, што рэпрэсіі даўно пераступілі межы Беларусі. Яны ператварыліся ў маштабныя транснацыянальныя злачынствы і пераслед, накіраваныя супраць беларусаў на тэрыторыі краін ЕС. Рэжым бярэ ў закладнікі сваякоў беларусаў, якія знаходзяцца ў ЕС, адбываецца судовае беззаконне праз масавыя завочныя суды, беларусы пазбаўлены права на атрыманне консульскіх паслуг.

Aкрамя таго, Павел Латушка заклікаў Германію падтрымаць расследванне Міжнароднага крымінальнага суда "беларускай сітуацыі", сістэмна падтрымліваць незалежныя медыя, блогераў і беларускія палітычныя інстытуты, якія фарміруюць палітычную альтэрнатыву, а таксама захоўваць і ўзмацняць санкцыйны рэжым як інструмент прымусу рэжыму да перамоў з беларускім грамадствам за Беларускім Круглым сталом.

«Германія цвёрда стаіць на баку тых, хто працягвае абараняць свабоду выказвання меркаванняў і свабоду прэсы. Менавіта таму нямецкі ўрад прасоўвае пытанне Беларусі ў міжнародным парадку дня і пастаянна ўзаемадзейнічае з беларускай грамадскай супольнасцю. У межах нашай праграмы "Усходняе партнёрства" мы адмыслова падтрымліваем незалежны медыяландшафт як у выгнанні, так і ў Беларусі, а таксама грамадскую супольнасць у цэлым», — адзначыў прадстаўнік МЗС Германіі Алексіс Белаў.

Упершыню ў межах 4-га Гамбургскага тыдня свабоды прэсы адбылося адмысловае мерапрыемства, прысвечанае менавіта беларускім СМІ і рэпрэсіям супраць беларусаў, а таксама прайшло адкрыццё выставы «Непачутыя галасы», прысвечанай беларускім палітзняволеным журналістам.

Падзея была ініцыявана беларускай журналісткай і былой палітзняволенай Ксеніяй Луцкіной пры падтрымцы jinn, Berlin Hub for Exile Media, Беларускай асацыяцыі журналістаў, фонду Alfred Toepfer Foundation, ZEIT STIFTUNG BUCERIUS і Catholic Academy Hamburg.

Main carousel image