Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Вадзім Кабанчук: «Мы ўжо дастаткова даўно гаворым пра пагрозы гібрыднай агрэсіі і фіксуем, што яна фактычна ўжо адбываецца».

2026-10-11

9 кастрычніка 2026 года ў Варшаве прайшла прэзентацыя Беларускай грамадскай кансультатыўнай рады па супрацьдзеянні расійскай гібрыднай агрэсіі. Прэзентацыя стала часткай мерапрыемства «Беларусь у архітэктуры гібрыднай агрэсіі Расіі: рызыкі, сцэнары і меры рэагавання для ўсходняга флангу НАТА».

Як паведаміў адзін з удзельнікаў мерапрыемства, прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Вадзім Кабанчук, галоўная мэта ініцыятывы — наладзіць каардынацыю ў супрацьдзеянні гібрыднай агрэсіі і вярбоўцы нашых грамадзян на так званую СВА, а таксама вярбоўцы нашых грамадзян спецслужбамі Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь у Еўропе.

Вадзім Кабанчук расказвае:
«Мы плануем на працягу месяца стварыць інтэрнэт-партал, праз які чалавек у складанай сітуацыі зможа звярнуцца па дапамогу, атрымаць кансультацыю і інструкцыі. Будуць і практычныя дзеянні — так званы „выхад у поле“ — прафілактычныя захады, каб нашы людзі не траплялі ў складаныя сітуацыі і ў пасткі, якія цяпер спрабуюць расставіць праз сацыяльныя сеткі спецслужбы Расійскай Федэрацыі і Беларусі.

Галоўны заклік, які прагучаў на мерапрыемстве: мы ўжо дастаткова даўно гаворым пра пагрозы гібрыднай агрэсіі і фіксуем, што яна фактычна ўжо адбываецца. Расійская Федэрацыя праводзіць гэтыя аперацыі разам з Беларуссю. Пара рабіць практычныя крокі па супрацьдзеянні гэтай гібрыднай агрэсіі і пагрозам „рускага свету“, дзейнічаць на апярэджанне.

Такая задача стаіць і перад шырокай беларускай супольнасцю, бо гэты наступ паступова закране ўсіх. Калі справа дойдзе да маштабнага крызісу і, напрыклад, пад мабілізацыю трапіць шмат нашых хлопцаў у самой Беларусі — як гэта адбылося на акупаваных Расіяй тэрыторыях Данбаса, Луганска і Крыма, — тады гэтая бяда фактычна закране амаль кожную беларускую сям’ю.

Каб прадухіліць гэта і па магчымасці пазбегнуць такога негатыўнага сцэнару, цяпер нам патрэбны як мага больш шырокі ўдзел розных структур: асноўных інстытутаў дэмакратычных сіл, грамадскага сектара і палітычных партый».


❗️Некалькі лічбаў:

— Падчас вайны ва Украіне з 2022 года на баку Расіі загінула каля 700 беларусаў, некалькі дзясяткаў цяпер знаходзяцца ў палоне Узброеных сіл Украіны.
— Цяпер на расійскім баку ваююць каля 3–4 тысяч грамадзян Беларусі.
— Для 80% штурмавых пехацінцаў расійскай арміі першы выхад на заданне становіцца апошнім.

Main carousel image