Кадравыя змены ў Аб’яднаным Пераходным Кабінеце: новыя прызначэнні Юліі Міцкевіч, Станіслава Салаўя і Анастасіі Махамет
2026-10-09
У Аб’яднаным Пераходным Кабінеце адбыліся кадравыя змены ў прадстаўніцтве па сацыяльнай палітыцы. Юлія Міцкевіч і Станіслаў Салавей працягнуць працу ў Офісе Святланы Ціханоўскай, а Анастасія Махамет — у Місіі дэмакратычных сіл Беларусі ва Украіне.
Юлія Міцкевіч, якая раней займала пасаду першай намесніцы прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы і выконвала абавязкі прадстаўніцы, прызначаная дарадцай Святланы Ціханоўскай па пытаннях інклюзіўнасці і раўнапраўя.
На новай пасадзе яна будзе займацца пытаннямі супрацьдзеяння дыскрымінацыі і гвалту, развіцця жаночага палітычнага лідарства, а таксама ўдзельнічаць у падрыхтоўцы палітычных пазіцый і праектаў рэформаў для дэмакратычнай Беларусі.
Станіслаў Салавей, які склаў паўнамоцтвы намесніка прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Кабінета, прызначаны дарадцам Святланы Ціханоўскай па пытаннях аховы здароўя.
На новай пасадзе ён працягне працу над прапановамі па рэфармаванні беларускай сістэмы аховы здароўя, падрыхтоўкай аналітычных матэрыялаў і супрацоўніцтвам з беларускімі і міжнароднымі партнёрамі.
Анастасія Махамет пераходзіць на працу ў Місію дэмакратычных сіл Беларусі ва Украіне, якую ўзначальвае Вольга Зазулінская.



