Аліса Рыжычэнка: Дэзінфармацыя — гэта не толькі палітычная, але і эканамічная пагроза
2026-10-08
Прадстаўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па эканоміцы і фінансах Аліса Рыжычэнка бярэ ўдзел у восеньскай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Андоры. Сёння яна выступіла на сайд-івенце, арганізаваным украінскай і літоўскай дэлегацыямі, дзе беларускі эксперт Павел Лібер прадставіў інструмент для маніторынгу дэзінфармацыйных кампаній і сетак ботаў.
У сваім выступе Аліса Рыжычэнка прапанавала паглядзець на праблему з эканамічнага боку. Дэзінфармацыя каштуе грошай: ботафермы, стварэнне сфабрыкаванага кантэнту і чат-боты фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэту і даходаў дзяржаўных прадпрыемстваў — тых самых, адносна якіх сёння вядуцца дыскусіі пра зняцце санкцый.
Кожны дадатковы еўра экспартнай выручкі рэжыму можа пайсці на рэпрэсіі ўнутры краіны, ваенную падтрымку Расіі і інфармацыйныя аперацыі супраць выбаршчыкаў еўрапейскіх краін. Таму санкцыі — гэта не толькі пытанне гандлю, але і пытанне інфармацыйнай бяспекі.
Адсюль вынікае канкрэтная прапанова: распрацоўваць механізмы, якія дазволяць адсочваць фінансаванне інфармацыйных аперацый і звязваць канкрэтныя інфармацыйныя кампаніі з канкрэтнымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі. Калі такую сувязь удасца ўстанавіць, парламенты атрымаюць важкія аргументы на карысць захавання санкцый, а іх выбаршчыкі — рэальную абарону ад дэзінфармацыі.
Асобна прадстаўніца Кабінета спынілася на ролі штучнага інтэлекту. З аднаго боку, ШІ дазваляе рэжымам ствараць і распаўсюджваць хлусню з велізарнай хуткасцю. З іншага — той жа ШІ дае магчымасць выяўляць дэзінфармацыю за лічаныя хвіліны і тым самым прадухіляць сур’ёзныя эканамічныя страты: скажэнне вынікаў выбараў, падрыў даверу да інстытутаў, паніку на рынках і зрыў інвестыцый.«Пытанне ў тым, хто вучыцца хутчэй. У рэжыму ёсць грошы, у свабодных беларусаў — навыкі. Наша задача — каб перамаглі нашы навыкі»,
— падкрэсліла Аліса Рыжычэнка.







