Юлія Міцкевіч сустрэлася са спецпрадстаўніком краін Паўночнай Еўропы і Балтыі па Беларусі
2026-10-07
Выканаўца абавязкаў прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Юлія Міцкевіч сустрэлася са спецыяльным прадстаўніком урада Швецыі па сувязях з беларускімі дэмакратычнымі сіламі Патрыкам Свенсанам, яго камандай і прадстаўнікамі Nordic-Baltic Group.
Асобная ўвага падчас сустрэчы была прысвечаная працы прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы. Юлія Міцкевіч распавяла пра падрыхтоўку рэформаў у сацыяльнай сферы, ахове здароўя, а таксама ў галіне гендарнай палітыкі і гендарнай роўнасці. Абмеркавалі падтрымку палітычных зняволеных і іх рэабілітацыю пасля вызвалення, у тым ліку дапамогу жанчынам, легалізацыю беларусаў, добраахвотнікаў, ветэранаў і іх сем’яў ва Украіне, а таксама працу з уразлівымі групамі.
Асобна абмеркавалі працу Кабінета з беларускімі і міжнароднымі партнёрамі для пашырэння палітычнага ўдзелу і лідарства жанчын.
Таксама Патрык Свенсан пацвердзіў нязменнасць пазіцыі Nordic-Baltic Group па вызваленні палітычных зняволеных і захаванні санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі як аднаго з інструментаў для дасягнення гэтай мэты.
Па выніках сустрэчы бакі дамовіліся працягнуць абмен інфармацыяй. Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы таксама перадасць партнёрам падрыхтаваныя камандай дакументы па рэформах.



