Беларусь з’яўляецца часткай рашэння рэгіянальнага крызісу
2026-10-02
Стратэгія і роля Францыі ў пазіцыі Еўрапейскага саюза адносна падтрымкі дэмакратычных сіл Беларусі былі абмеркаваны ў Парыжы падчас сустрэчы намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегата Каардынацыйнай Рады Паўла Латушкі з кіраўніком парламенцкай групы «За дэмакратычную Беларусь», членам Камісіі па міжнародных справах Нацыянальнага сходу Францыі Фрэдэрыкам Пеці.
Падчас сустрэчы былі абмеркаваны пытанні рэгіянальнай бяспекі, ролі Лукашэнкі ў падтрымцы агрэсіі Расіі супраць Украіны, важнасці працягу ціску на рэжым з мэтай прымусіць яго змяніць унутраную рэпрэсіўную і знешнюю агрэсіўную палітыку, а таксама падыходы да вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі.
Фрэдэрык Пеці адзначыў, што Беларусь з’яўляецца часткай рашэння рэгіянальнага крызісу і без урэгулявання ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі немагчыма забяспечыць бяспеку Еўропы.
Павел Латушка падчас сустрэчы прадставіў стратэгію двух напрамкаў: пакуль Злучаныя Штаты Амерыкі ўздзейнічаюць на рэжым Лукашэнкі і дамагаюцца вызвалення палітычных зняволеных у абмен на зняцце санкцый, Еўрапейскі саюз выкарыстоўвае свае інструменты ціску і санкцый для дасягнення сістэмных змен у Беларусі.
Асобна была абмеркавана магчымая падтрымка Францыяй правядзення круглага стала па выхадзе з унутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі.



