Кабанчук: Расія спрабуе парушыць знешнюю лагістыку Украіны і правярае супрацьпаветраную абарону краін НАТО
2026-09-30
Расійскія ўдары паблізу заходняй мяжы Украіны — гэта ўжо не асобныя атакі, а сістэмны ціск на транспартныя зносіны з краінамі ЕС, лічыць прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Вадзім Кабанчук.«Мішэнню становіцца не толькі ваенная лагістыка, якая ў асноўным ідзе з Польшчы, Румыніі і Малдовы, але і сама ўстойлівасць транспартных зносін Украіны з гэтымі краінамі — бо праз іх ідуць не толькі ваенныя грузы, але і амаль увесь гандлёвы абарот.
Адначасова расіяне, безумоўна, правяраюць рэакцыю краін НАТО і іх супрацьпаветраную абарону, таму што ўдары наносяцца непасрэдна ў раёне мяжы».
Наступствы такіх атак ужо адчуваюць суседнія краіны. Паветраныя трывогі прыводзяць да эвакуацыі памежных пераходаў і часовага спынення іх працы.
На думку Вадзіма Кабанчука, адказам павінна стаць рэгіянальная сістэма абароны: альтэрнатыўныя лагістычныя маршруты, супрацьдронавая абарона, сумеснае назіранне за паветранай абстаноўкай і загадзя ўзгоднены механізм дзеянняў Украіны і краін ЕС падчас новых атак.
Асобнай увагі патрабуюць пад’язныя дарогі, чыгуначныя вузлы, паліўныя аб’екты і масты. Кабанчук таксама прапануе мінімізаваць чэргі на мяжы з дапамогай электроннага запісу, каб вялікая колькасць аўтамабіляў не канцэнтравалася ў адным месцы і не станавілася патэнцыйнай мішэнню.
Чытаць цалкам каментар Вадзіма Кабанчука.



