Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Павел Латушка: Санкцыі павінны выкарыстоўвацца для спынення рэпрэсій і дасягнення сістэмных зменаў у Беларусі

2026-09-30

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегат Каардынацыйнай Рады Павел Латушка і прадстаўнік Кабінета па міжнародным і еўрапейскім супрацоўніцтве Уладзімір Астапенка сустрэліся з міністаркай замежных спраў і супрацоўніцтва Манака Ізабэль Бэрра-Амадэі. Манака ў гэтым паўгоддзі старшынюе ў Камітэце міністраў Рады Еўропы.

🔺Павел Латушка праінфармаваў міністарку пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, становішча палітычных зняволеных і рэпрэсіі, якія працягваюцца. Асобна ён звярнуў увагу на выкарыстанне рэжымам практыкі прызнання людзей і арганізацый «экстрэмісцкімі» і «тэрарыстычнымі» для пераследу за палітычныя погляды і грамадзянскую актыўнасць.

🔺Адной з ключавых тэм сустрэчы стала прыцягненне рэжыму Лукашэнкі да адказнасці. Павел Латушка распавёў пра працу па зборы доказаў злачынстваў і расследаванне Міжнароднага крымінальнага суда ў дачыненні да беларускай сітуацыі.

🔺Асобна Павел Латушка падтрымаў працу Рады Еўропы па запуску Спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі супраць Украіны. Ён адзначыў, што дзякуючы працы беларускіх дэмакратычных сіл у адпаведныя дакументы была ўнесена папраўка, якая дазваляе ў будучыні прыцягнуць Аляксандра Лукашэнку да адказнасці за злачынства агрэсіі супраць Украіны.

🔺Таксама падчас сустрэчы была закранута праца па стварэнні Міжнароднай камісіі па разглядзе прэтэнзій для Украіны (International Claims Commission for Ukraine), якая стане часткай міжнароднага механізму кампенсацыі шкоды, нанесенай расійскай агрэсіяй.

🔺Павел Латушка звярнуў увагу на незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей у Беларусь. У гэтым кантэксце ён закрануў дыскусію вакол магчымага зняцця санкцый з «Беларуськалія», адзначыўшы ўдзел прадпрыемства ў фінансаванні перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь.

Міністарка замежных спраў Манака адзначыла, што Манака як краіна, якая старшынюе ў Камітэце міністраў Рады Еўропы, падтрымлівае працу, накіраваную на вяртанне ўкраінскіх дзяцей на радзіму.

🔺Асобна бакі абмеркавалі санкцыйную палітыку ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Павел Латушка адзначыў, што дэмакратычныя сілы падтрымліваюць выкарыстанне санкцыйных інструментаў ЗША для спынення рэпрэсій і вызвалення ўсіх палітычных зняволеных. Адначасова яны заклікаюць Еўрапейскі саюз выкарыстоўваць санкцыйны ціск для дасягнення сістэмных зменаў у Беларусі.

Міністарка замежных спраў Манака адзначыла, што краіна далучаецца да рашэнняў Еўрапейскага саюза па ўвядзенні санкцый у дачыненні да Расіі і рэжыму Лукашэнкі, прынятых у сувязі з парушэннямі міжнароднага права.

Падчас сустрэчы таксама была адзначана важнасць таго, што ўпершыню за дзесяцігоддзе беларуская дэлегацыя афіцыйна ўдзельнічае ў працы Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы. А Уладзімір Астапенка прапанаваў вярнуцца да аналізу «Люксембургскіх рашэнняў», накіраваных на вырашэнне праблем беларусаў у выгнанні.

Main carousel image