Усе вызваленыя 16 верасня палітзняволеныя падалі заявы на міжнародную абарону ў Польшчы
2026-09-28
Усе палітзняволеныя, якія былі вызваленыя 16 верасня, дэпартаваныя ў Літву і прынялі рашэнне са згоды польскіх уладаў легалізавацца на тэрыторыі Польшчы, падалі заявы на міжнародную абарону пры падтрымцы Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, ініцыятывы «Вольныя» і Цэнтра Беларускай Салідарнасці. 9 чалавек падаліся ў Варшаве, 1 — у Беластоку. Важна адзначыць, што з кожным вызваленым палітвязнем была праведзеная індывідуальная юрыдычная кансультацыя.
«Дзякую Галоўнай камендатуры Пагранічнай службы Польшчы за вельмі аператыўную рэакцыю і эфектыўнае супрацоўніцтва.
Як і ў снежні 2025 года, і ў сакавіку 2026 года, калі дэпартаваныя палітзняволеныя падавалі дакументы на легалізацыю, з боку Польшчы мы пабачылі глыбокае разуменне і аператыўнае спрыянне. Такая эфектыўная падтрымка неабходная беларусам, якія прайшлі праз рэпрэсіі і прымусовую дэпартацыю», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка.



