Беларускі калій не можа быць транспартаваны праз ЕС без адмены санкцый
2026-09-28
«Змена юрысдыкцыі пакупніка (напрыклад, здзелка з амерыканскай кампаніяй) або маніпуляцыя гандлёвымі ўмовамі не дазволяць законна аднавіць транзіт беларускага калію праз ЕС», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка.
Юрыдычны аналіз паказвае, чаму любыя падобныя схемы асуджаны на правал:
1. Сутнасць тэрміна «transfer» у праве ЕС
У дыскусіях часта памылкова сцвярджаюць, што забарона на «transfer» тычыцца толькі юрыдычнай перадачы права ўласнасці. Насамрэч у санкцыйным праве ЕС «transfer» азначае менавіта фізічную транспартыроўку і транзіт тавараў пад любой мытнай працэдурай. Нават калі ўласнік змяніўся да мяжы ЕС, фізічнае перамяшчэнне грузу застаецца пад поўнай забаронай.
2. Забарона дзейнічае незалежна ад пункта прызначэння
Тлумачэнні Еўракамісіі падкрэсліваюць: транзіт парушае закон, калі ў лагістыцы хоць неяк задзейнічаны аператар з ЕС (банк, страхоўшчык, порт ці экспедытар). Схема «продажу на мяжы» на ўмовах Ex Works нерабочая: калій застаецца таварам беларускага паходжання, а прыём вагонаў у Літве ці перавалка ў Клайпедзе цягнуць адміністрацыйную і крымінальную адказнасць. Маніпуляцыі з умовамі пастаўкі расцэньваюцца як наўмысны абыход санкцый і вядуць да арышту грузу.
3. Аргумент ад супрацьлеглага (прыклад з РФ)
Прамым доказам таго, што «transfer» аўтаматычна забараняе любы транзіт, служыць досвед з расійскімі ўгнаеннямі. Каб паслабіць прадовольчы крызіс, ЕС прыняў спецыяльны нарматыўны акт (derogation), прама дазволіўшы транзіт некаторых угнаенняў з РФ. Падобнае выключэнне не спатрэбілася б, калі б транзіт можна было абысці зменай уласніка. Для беларускага калію такіх выключэнняў прынята не было.
4. Жорсткая пазіцыя Суда ЕС
У справе «Беларуськалія» і рашэннях па справах «Bosphorus» і «Rosneft» Суд ЕС чотка зафіксаваў:
• Забарона на транзіт праз тэрыторыю ЕС — правамерная мера знешняй палітыкі, якая не парушае нормы Сусветнай гандлёвай арганізацыі.
• Абмежаванні прымяняюцца да ўсіх аб'ектаў на тэрыторыі ЕС незалежна ад статусу ўласніка.
• Тэрміны «transfer» і «export» падлягаюць максімальна шырокаму тлумачэнню, каб выключыць любыя шчыліны.
Рэгламенты Савета ЕС абавязковыя для ўсіх 27 дзяржаў-членаў. Аднавіць транзіт за кошт юрыдычных схем немагчыма. Разблакіроўка калідора магчымая выключна пры наяўнасці прамога палітычнага кансэнсусу краін ЕС і афіцыйнага ўнясення зменаў у Рэгламент Савета ЕС № 765/2006.
«У апошні час у інфармацыйнай прасторы рэгулярна з'яўляюцца заявы і меркаванні аб тым, што транзіт беларускага калію нібыта можна аднавіць праз розныя юрыдычныя крокі — напрыклад, змяніўшы юрысдыкцыю пакупніка альбо па-іншаму трактуючы тэрмін "transfer" у санкцыйным праве ЕС. Хачу падкрэсліць: усе падобныя сцвярджэнні з'яўляюцца беспадстаўнымі і дэзінфармуюць грамадскасць. Ніякія маніпуляцыі з гандлёвымі ўмовамі ці спробы спрэчнага тлумачэння тэрміналогіі не дазволяць абмінуць закон. Прававая база Еўрасаюза складзена такім чынам, што забараняе менавіта фізічнае перамяшчэнне беларускага калію праз сваю тэрыторыю, незалежна ад таго, хто фармальна згадваецца ў якасці яго ўласніка.
Любыя спробы рэалізаваць такія "схемы" — гэта парушэнне санкцыйнага рэжыму ЕС, што цягне за сабой адміністрацыйную і крымінальную адказнасць для ўсіх удзельнікаў лагістычнага ланцужка. Адзіны рэальны шлях да аднаўлення транзіту беларускага калію праз еўрапейскія порты — гэта не юрыдычныя лазейкі, а поўная адмена ці рэвізія адпаведных санкцыйных рэгламентаў Савета ЕС праз афіцыйнае палітычнае рашэнне ўсіх 27 краін-сябраў. Пакуль такога рашэння няма, кожны вагон з беларускім каліем на тэрыторыі ЕС застаецца нелегальным грузам, які падлягае неадкладнаму арышту», — падкрэсліў Павел Латушка.
Поўны тэкст на сайце Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.



