Каардынацыйная Рада рэкамендавала Вераніку Станкевіч на пасаду прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы ў Аб’яднаным Пераходным Кабінеце
2026-09-24
Напярэдадні ў Каардынацыйнай Радзе прайшлі слуханні кандыдатак на пасаду прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы. Па выніках рэйтынгавага галасавання ў прадстаўнічым органе беларускіх дэмакратычных сіл, Каардынацыйная Рада рэкамендавала кандыдатуру Веранікі Станкевіч. Для афіцыйнага ўступлення на пасаду рэкамендаваная кандыдатура мусіць быць ухвалена і зацверджана кіраўніцай Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святланай Ціханоўскай.
Вераніка Станкевіч — каардынатарка ініцыятывы «Вольныя», якая займаецца дапамогай і рэсацыялізацыяй былых палітычных зняволеных. Ініцыятыва дапамагае вызваленым беларусам адаптавацца да жыцця на волі і атрымаць неабходную сацыяльную, юрыдычную і іншую падтрымку.
Кандыдатуру Веранікі Станкевіч на разгляд Каардынацыйнай Рады вылучыла фракцыя «Кааліцыя Латушкі і Рух “За Свабоду”».
З моманту прызначэння Вольгі Зазулінскай на пасаду кіраўніцы Місіі дэмакратычных сіл Беларусі ў Кіеве, абавязкі прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Кабінета выконвала Юлія Міцкевіч.



