Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Фінляндыя выдзеліць дадатковыя 100 тысяч еўра на дапамогу рэпрэсаваным беларусам

2026-09-23

Кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская на палях Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку правяла сустрэчы з міністаркай замежных справаў Фінляндыі Элінай Валтонен і палітычным дзяржаўным сакратаром МЗС Пасі Раялам. Па выніках сустрэч фінскі бок абвясціў пра дадатковую дапамогу беларусам, якія пацярпелі ад рэпрэсій.

«Дзякую Фінляндыі за паслядоўную салідарнасць з беларусамі. Асабліва важна, што гэтая падтрымка ператвараецца ў канкрэтную дапамогу людзям — палітвязням, вызваленым і сем’ям рэпрэсаваных. Мы павінны быць гатовыя да новых вызваленняў загадзя, каб чалавек, які выходзіць з турмы, адразу атрымаў неабходную падтрымку»,
— адзначыла Святлана Ціханоўская.

100 тысяч еўра будуць накіраваныя праз Міжнародны гуманітарны фонд і беларускія праваабарончыя арганізацыі, якія дапамагаюць палітвязням, вызваленым і іх сем’ям. Гэта ўжо другі ўнёсак Фінляндыі ў Міжнародны гуманітарны фонд.

Падчас сустрэч Святлана Ціханоўская таксама абмеркавала з фінскімі партнёрамі далейшыя намаганні па вызваленні палітвязняў, бяспековую сітуацыю ў Беларусі і рызыкі далейшага ўцягвання краіны ў расійскую вайну супраць Украіны.

Асобна ў размове з Пасі Раялам кіраўніца Кабінета ўзняла праблемы беларусаў, якія жывуць у Фінляндыі: пратэрмінаваныя пашпарты, дакументы і легалізацыю.

Main carousel image