Беларускія добраахвотнікі, ветэраны і іх сем’і могуць звяртацца па дапамогу з юрыдычнымі, міграцыйнымі і сацыяльнымі праблемамі
2026-09-21
Намесніца прадстаўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па сацыяльнай палітыцы Анастасія Махамет, якая адказвае за пытанні добраахвотнікаў і іх сем’яў, прыняла ўдзел у Форуме Астрожскіх ва Украіне. Падчас форуму яна выступіла ў дыскусіі «Беларускія добраахвотнікі ва Украіне: ад удзелу ў вайне да стратэгічнага партнёрства».
Па выніках дыскусіі Анастасія Махамет звярнулася да беларускіх добраахвотнікаў, якія служаць або служылі ва Украіне, ветэранаў і іх сем’яў:«Калі вы сутыкаецеся з юрыдычнымі, міграцыйнымі ці сацыяльнымі праблемамі, звязанымі са службай або яе наступствамі на тэрыторыі Украіны, калі ласка, звяртайцеся.
Мне не важна, у якім падраздзяленні вы служыце ці служылі. Я не прадстаўляю інтарэсы асобных падраздзяленняў, я працую з праблемамі людзей».
Звярнуцца можна як па кансультацыю ў канкрэтнай сітуацыі, так і па дапамогу ў падрыхтоўцы звароту. На падставе асобнага кейса таксама можа быць падрыхтаваны абязлічаны запыт, а сітуацыі, якія патрабуюць больш грунтоўнай працы, могуць разглядацца індывідуальна.
Кожны такі зварот дапамагае не толькі шукаць рашэнне канкрэтнай праблемы, але і выяўляць абмежаванні ў заканадаўстве і практыцы яго прымянення, якія патрабуюць сістэмнай працы.
❗️Канфідэнцыйнасць захоўваецца.
Зварот можа заставацца цалкам непублічным. Гісторыя канкрэтнага чалавека можа быць апублікаваная толькі з яго згоды і ў тым аб’ёме, на які ён пагадзіўся.
Пакуль звяртацца можна непасрэдна да Анастасіі Махамет: a.makhamet@belaruscabinet.org
У далейшым плануецца стварыць асобныя інфармацыйныя пляцоўкі, дзе можна будзе атрымаць кансультацыю, патэлефанаваць або звярнуцца ў вызначаныя прыёмныя дні.«Калі вам ужо сказалі: “Нічога зрабіць нельга”, усё роўна пішыце. Спачатку давайце паглядзім, што там сапраўды напісана».




