Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Разам мы гатовыя далей працаваць над аднаўленнем справядлівасці ва Украіне і ў Беларусі

2026-09-18

«Незалежная Украіна — стратэгічна важны фактар захавання незалежнай Беларусі і аднаўлення ўлады беларускага народа на тэрыторыі нашай краіны», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас 5-га Форуму Астрожскіх: беларуска-ўкраінскага дыялогу пра бяспеку і супрацоўніцтва.

У дыскусіі ў рамках першай палітычнай панэлі таксама прынялі ўдзел дарадца кіраўніка Офіса Прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк, пасол па асаблівых даручэннях МЗС Украіны Яраслаў Чарнагор, народны дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Багдан Ярэменка, галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, мадэратарм дыскусіі выступіў дырэктар Цэнтра «Еўрапейскі Дыялог» Анатоль Лябедзька.

Падчас дыскусіі Павел Латушка прывёў прыклады канкрэтных вынікаў супрацоўніцтва з Украінай, перш за ўсё па трох найважнейшых прававых кірунках, па якіх працуюць Кабінет, НАУ, беларускія праваабарончыя арганізацыі і грамадскія ініцыятывы:

1. Ваеннае злачынства — дэпартацыя ўкраінскіх дзяцей

Павел Латушка адзначыў, што яшчэ ў 2023 годзе НАУ перадало дзве камунікацыі ў Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда па фактах незаконнага перамяшчэння не менш чым трох з паловай тысяч украінскіх дзяцей, у тым ліку дзяцей-сірот, у Беларусь, а таксама іх індактрынацыі ў інтарэсах «расійскага свету».

«Мы дасягнулі выніку, бо ўжо ад пачатку лета 2024 года мы пачалі фіксаваць рэзкае запавольванне, а пазней фактычнае спыненне масавых перамяшчэнняў украінскіх дзяцей. Лукашэнка на гэтым кейсе ўпершыню адчуў рызыку персанальнай пагрозы адказнасці і спалохаўся. Працэс масавага вывазу дзяцей фактычна быў спынены».

Асобна Павел Латушка падкрэсліў, што па выніках паездкі дэлегацыі дэмакратычных сіл на чале са Святланай Ціханоўскай у Кіеў у траўні бягучага года, на просьбу Каардынацыйнага штаба Украіны па абыходжанні з ваеннапалоннымі Міністэрства абароны Украіны, каманда НАУ перадала назапашаныя даныя па здзейсненых злачынствах супраць украінскіх дзяцей і персанальныя даныя ўкраінскіх дзяцей-сірот, якія могуць быць карыснымі дзеля таго, каб вяртаць украінскіх дзетак на радзіму, ва Украіну.

Павел Латушка падкрэсліў гатоўнасць працягваць супрацоўніцтва з украінскім бокам па пытанні дапамогі вяртанню ўкраінскіх дзяцей і прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці за ваеннае злачынства.

2. Злачынствы супраць чалавечнасці супраць беларускага народа

Падчас дыскусіі Павел Латушка падкрэсліў, што 12 сакавіка гэтага года Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда абвясціў пра пераход да стадыі расследавання «беларускай сітуацыі». І ў гэтай сувязі падтрымка Украінай дадзенага расследавання была б вельмі карысная:

«Па выніках нашага візіту ў Кіеў, 13 ліпеня Святланай Ціханоўскай і мною быў падпісаны і накіраваны ліст міністру замежных спраў Украіны Андрэю Сібігу з просьбай разгледзець магчымасць накіравання звароту ў адпаведнасці з артыкулам 14 Рымскага статута Міжнароднага крымінальнага суда з мэтай прадстаўлення ў Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда інфармацыі аб учыненні злачынстваў дэпартацыі, злачынстваў пераследу супраць беларускага народа. Мы ведаем, што шмат беларусаў з 2020 года па 2022 год уцякалі ва Украіну, і Украіна магла б дапамагчы Літве і Міжнароднаму крымінальнаму суду ў расследаванні гэтага злачынства».

3. Злачынства агрэсіі

Павел Латушка падкрэсліў, што ў 2025 годзе менавіта намі прапанаваны і пралабіраваны папраўкі ў рэзалюцыі Еўрапейскага парламента і ПАРЕ, якія заклікаюць да стварэння Спецыяльнага трыбунала за злачынства агрэсіі супраць Украіны.

«Тут асабліва важныя нашы намаганні, якія звязаныя з прыняццем адпаведных рэзалюцый у ПАРЕ, бо Рада Еўропы з'яўляецца тым бокам, які падпісаў пагадненне аб стварэнні Спецыяльнага трыбунала. І дзякуючы таму, што ёсць дэлегацыя Каардынацыйнай Рады ў ПАРЕ, мы ўнеслі папраўку аб тым, што Лукашэнка і яго хаўруснікі будуць адказваць за акт агрэсіі.

Разам мы гатовыя далей працаваць над аднаўленнем справядлівасці ва Украіне і ў Беларусі»
.

Main carousel image