На сайце Асамблеі дзяржаў-удзельніц Рымскага статуту апублікаваны прадстаўлены Міжнародным крымінальным судом бюджэт на 2027 год, які прадугледжвае фінансаванне расследавання «беларускай сітуацыі».
2026-09-17
У адпаведных раздзелах дакумента закладаецца фінансаванне працы Офіса пракурора па расследаванні «беларускай сітуацыі», а таксама па ажыццяўленні следчых дзеянняў, якія, верагодна, прывядуць да судовай дзейнасці Палаты папярэдняга вядзення I, уключаючы вынясенне рашэнняў па хадайніцтвах аб выданні ордэраў на арышт і прыняцце мер па захаванні доказаў. Для «беларускай сітуацыі» прадугледжваецца таксама фінансаванне аб'яднанай расследавальніцкай групы і аддзела па працы з ахвярамі і сведкамі.
«Прадстаўлены бюджэтны дакумент дэманструе планаванне актыўнага расследавання Офісам пракурора Міжнароднага крымінальнага суду “беларускай сітуацыі”. Больш за тое, дакумент сігналізуе пра чаканне звязанай з дадзеным расследаваннем судовай дзейнасці на ўзроўні Палаты папярэдняга вядзення, уключаючы вядзенне па патэнцыйных хадайніцтвах пра ордэры на арышт», — заявіў Павел Латушка.
Прадстаўлены бюджэт мусіць быць зацверджаны ў адпаведнасці з працэдурай артыкула 112 Рымскага статуту Асамблеяй дзяржаў-удзельніц Рымскага статуту, якая адбудзецца з 7 па 17 снежня гэтага года.
«Сімвалічна, што менавіта на гэтым фоне Лукашэнка 16 верасня ажыццявіў чарговы акт прымусовай дэпартацыі групы з 25 палітычных зняволеных і адначасова заяўляе пра планы працягу адпаведных міжнародных злачынстваў.
НАУ і праваабарончыя арганізацыі працягваюць працу па зборы доказаў, іх абагульненні і перадачы ў офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суду. У сваю чаргу Аб'яднаны Пераходны Кабінет і НАУ працягнуць працу па адвакатаванні падрымкі расследвання "беларускай сітуацыі" іншымі дзяржавамі-удзельніцамі Рымскага статуту», — адзначыў Павел Латушка.



