Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Як досвед Эстоніі можа дапамагчы ў стварэнні антыкарупцыйнай сістэмы ў дэмакратычнай Беларусі

2026-09-17

Прадстаўнік Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па аднаўленні правапарадку Мікалай Казлоў прыняў удзел у экспертным круглым стале па пытаннях этыкі дзяржаўнай службы і супрацьдзеяння карупцыі з удзелам прадстаўнікоў Эстоніі.

Сярод ключавых прынцыпаў эстонскай сістэмы Мікалай Казлоў вылучыў:

🔺Нецярпімасць да карупцыі ў грамадстве. Нават выкарыстанне дзяржаўных рэсурсаў у асабістых мэтах можа стаць прычынай грамадскага скандалу. У 2020 годзе міністарка адукацыі Эстоніі Майліс Рэпс падала ў адстаўку пасля публікацый пра тое, што яна выкарыстоўвала службовы аўтамабіль з кіроўцам для перавозкі сваіх дзяцей.

🔺Некалькі незалежных узроўняў кантролю. Карупцыйнымі справамі займаюцца паліцыя і пракуратура, выкарыстанне дзяржаўных сродкаў кантралюе незалежны Дзяржаўны кантроль (Riigikontroll), асобныя паўнамоцтвы маюць канцлер права (Õiguskantsler) і парламенцкая Антыкарупцыйная камісія (Korruptsioonivastane erikomisjon).

🔺Перакрыжаваны кантроль. Падазроную сітуацыю могуць выявіць розныя структуры, таму нават калі адзін механізм не спрацуе, застаюцца іншыя.

🔺Публічнасць і грамадскі кантроль. Сістэму дапаўняюць адкрытасць дзяржаўных даных і свабодныя СМІ.

«Менавіта такая шматузроўневая сістэма робіць нават адносна дробнае выкарыстанне дзяржаўных рэсурсаў у асабістых інтарэсах не “нармальнай прывілеяй чыноўніка”, а патэнцыйным прадметам расследавання і грамадскага скандалу»,
— адзначыў Мікалай Казлоў.

Вынікі такой мадэлі бачныя і ў міжнародных рэйтынгах. Паводле Індэкса ўспрымання карупцыі Transparency International за 2025 год, Эстонія заняла 12-е месца сярод 180 краін, Беларусь — 124-е месца.

«Я думаю, што гэты прыклад можа стаць вельмі карысным пры стварэнні антыкарупцыйных бар’ераў у дэмакратычнай Беларусі».

Поўны каментар Мікалая Казлова — па спасылцы.

Main carousel image