Вадзім Кабанчук: Калі ўсе навокал пачынаюць бразгаць зброяй, рана ці позна адбудзецца памылка — і пачнецца некантраляваны сцэнар
2026-09-16
Паводле кіраўніцы дыпламатыі ЕС Каі Калас, за апошнія двое сутак Расія ўзмацніла свае гібрыдныя атакі. Яна кажа: «Расійскі фрэгат выпусціў ракеты ў бок дацкага верталёта, самалётам НАТА давялося збіць дрон над Літвой. Расія нанесла ўдар па пасажырскім цягніку побач з Украінай, а Польшча дастала дрон са сваіх вод. Нам павінна быць зразумела: гэта не выпадковыя інцыдэнты. Гэта пралічаныя спробы Расіі аслабіць нашу рашучасць, праверыць наша адзінства і гуляць на страху перад эскалацыяй».
Мы папрасілі пракаментаваць сітуацыю Прадстаўніка па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Вадзіма Кабанчука:
«Прагнозы адносна паступовага ўзмацнення расійскай гібрыднай кампаніі супраць Еўропы знаходзяць пацвярджэнне ў шэрагу апошніх інцыдэнтаў. Аднак зараз немагчыма сцвярджаць, што мы ўжо назіраем непасрэдную падрыхтоўку Расіі да вайны супраць НАТА — пакуль для гэтага няма дастатковых падстаў.
Калі еўрапейскія дзяржавы пяройдуць да сістэматычнага прымянення сілы супраць аб’ектаў, якія яны будуць лічыць крыніцай атак, гэта будзе азначаць якасна новы ўзровень канфрантацыі, асабліва калі гаворка пойдзе пра аб’екты на тэрыторыі Расіі альбо Беларусі.
Цяпер больш імаверным выглядае працяг рызыкоўных дзеянняў і ўзаемных праверак межаў дапушчальнага. Расія тэстуе НАТА, але баіцца пераступіць рысу, калі будзе задзейнічаны пяты артыкул НАТА. Галоўная небяспека палягае ў тым, што эскалацыя можа пайсці па некантраляваным сцэнары пасля якога-небудзь сур’ёзнага інцыдэнту. Калі ўсе навокал пачынаюць бразгаць зброяй, рана ці позна адбудзецца памылка.
Менавіта таму Еўропе неабходна адначасова ўмацоўваць абарону, каардынацыю і механізмы стрымлівання, але таксама захоўваць каналы камунікацыі, каб не дапусціць перарастання якога-небудзь інцыдэнту ў шырокі ваенны канфлікт.
Мы разумеем, што гэтую гульню ініцыюе Масква, і тут не ўсё залежыць ад Еўропы. Таксама можам канстатаваць, што найбольшую згуртаванасць перад нарастаючай пагрозай дэманструюць краіны Усходняй і Паўночнай Еўропы, бо непасрэдна каля іх межаў адбываецца канцэнтрацыя ваенных сіл і сродкаў Расійскай Федэрацыі і ўсё часцей здараюцца правакацыі.
Для мяне відавочна, што Расія паслядоўна, паэтапна павышае градус эскалацыі і цяпер усё больш будзе пераходзіць ад інфармацыйных аперацый да аперацый на зямлі або ў паветры, выкарыстоўваючы сваю агентуру, беспілотныя сістэмы і г. д.».



