Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

25 палітвязняў вызваленыя ў Беларусі — у Вільнюсе ўсё гатова да іх прыёму

2026-09-16

Стала вядома пра вызваленне 25 палітвязняў у Беларусі. Сярод вызваленых — Людміла Чэкіна, Павел Белавус, Ірына Злобіна, Павел Петручэня, Андрэй Аляксандраў, Яўген Юшкевіч, Яна Пінчук, Яўген Бурло і іншыя. Цяпер вызваленыя знаходзяцца на беларуска-літоўскай мяжы, дзе ім афармляюць дакументы. Колькі часу гэта зойме, пакуль невядома. У Вільнюсе іх ужо чакаюць і рыхтуюцца сустракаць.

Выконваючая абавязкі прадстаўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па сацыяльнай палітыцы Юлія Міцкевіч выказала ўдзячнасць амерыканскаму боку за прыкладзеныя намаганні і вялікую працу ў складаным перамоўным працэсе.

«Кожнае вызваленне кожнага чалавека — гэта вялікае шчасце і радасць для ўсіх нас, і асабліва, вядома, для блізкіх, сяброў, сем’яў і родных. Я гэта вельмі добра разумею і перажываю, бо сярод вызваленых ёсць і мае сябры», — адзначыла Юлія Міцкевіч.

Да прыёму вызваленых у Вільнюсе загадзя падрыхтаваліся кааліцыі праваабарончых і гуманітарных арганізацый. Сярод 25 вызваленых ёсць некалькі чалавек з гуманітарнага спісу — людзі ва ўзросце 60+ і людзі з захворваннямі, якім патрэбная медыцынская дапамога.

Цяпер Юлія Міцкевіч разам з прадстаўнікамі арганізацый і валанцёрамі знаходзіцца ў месцы, куды прывязуць вызваленых, і дапамагае рыхтавацца да іх сустрэчы. Усе чакаюць іх прыезду з беларуска-літоўскай мяжы.
Для кожнага вызваленага падрыхтаваны набор неабходных на першы час рэчаў: адзенне, сродкі асабістай гігіены, мабільны тэлефон. Ёсць неабходныя лекі і магчымасць аказаць першую медыцынскую дапамогу.

«Мы ўсе сёння ў нейкай ступені валанцёры і валанцёркі. Мы ўжо тут, на месцы, уся праца ідзе, мы ўсіх чакаем і рыхтуемся сустракаць. З нашага боку мы цалкам падрыхтаваныя. Усе працэсы наладжаныя, ёсць аператыўная камунікацыя з літоўскім і амерыканскім бакамі, а таксама паміж арганізацыямі, якія займаюцца дапамогай і падтрымкай», — распавяла Юлія Міцкевіч.

Падрыхтаваныя і праграмы рэабілітацыі. Якая менавіта дапамога спатрэбіцца кожнаму чалавеку, будуць вырашаць разам з ім пасля прыезду. Камусьці можа спатрэбіцца асобная кватэра, хтосьці зможа застацца ў шэлтары, а хтосьці — у сяброў, сваякоў ці знаёмых у Вільнюсе. Некалькі вызваленых пасля прыезду ў Літву накіруюцца ў Польшчу.

«Гэтая праца ўжо добра наладжаная. Мы будзем сачыць за тым, як развіваецца сітуацыя, аператыўна даваць інфармацыю і дзейнічаць зыходзячы з патрэбаў вызваленых. Вялікі дзякуй усёй камандзе, якая працуе разам», — падкрэсліла Юлія Міцкевіч.

Main carousel image