Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Сваякам тых беларусаў, якія жывуць у Чэхіі, будзе прасцей атрымаць чэшскую візу

2026-09-15

У дачыненні да рэжыму Лукашэнкі няма ніякіх ілюзій, адзначыла Генеральная дырэктарка па справах Еўропы Міністэрства замежных спраў Чэхіі Гана Губачкава падчас сустрэчы з намеснікам кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўніком НАУ Паўлам Латушкам.

У сустрэчы з чэшскага боку ўзяў удзел амбасадар Чэхіі ў Польшчы Бжэціслав Данчак, а з беларускага боку таксама кіраўнік фонду «Беларускі дом у Варшаве» Алесь Зарэмбюк.

Падчас сустрэчы Павел Латушка распавёў пра стратэгію двух накірункаў, якую дэмакратычныя сілы прапануюць партнёрам:
– ЗША выкарыстоўваюць свае механізмы дзеля прыпынення рэпрэсій і вызвалення ўсіх палітвязняў;
– ЕС, выкарыстоўваючы санкцыйныя і дыпламатычныя механізмы, настойваюць на сістэмных зменах у краіне і пачатку дыялогу прадстаўнікоў функцыянальнай улады ў Беларусі з беларускім грамадствам.

Гана Губачкава адзначыла, што гэта падыход, які Чэхія падтрымлівае, бо важна дасягнуць сістэмных зменаў у Беларусі.

Падчас сустрэчы бакі пагадзіліся, што, нягледзячы на вызваленне палітвязняў, сітуацыя ў Беларусі не змянілася, а беспрэцэдэнтны ўзровень рэпрэсій працягваецца штодня.

Асобна Генеральная дырэктарка па справах Еўропы МЗС Чэхіі распавяла пра тое, што ўрад Чэхіі рыхтуе рашэнне, якое мусіць быць прынята ў найбліжэйшыя тыдні і якое спрасціць атрыманне чэшскіх віз для сваякоў беларусаў, якія пражываюць у Чэхіі.

На сустрэчы Павел Латушка распавёў пра дзейнасць інстытутаў дэмакратычных сіл, пра дэлегацыі Каардынацыйнай Рады ў найважнейшых еўрапейскіх міжпарламенцкіх інстытутах, а таксама пра сітуацыю ў беларускай культуры, якая мэтанакіравана русіфікуецца рэжымам Лукашэнкі пры падтрымцы Крамля з мэтай змяніць ментальнасць беларусаў, і пра працу, якую НАУ праводзіць па прыцягненні прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі да адказнасці.

Гана Губачкава пацвердзіла пазіцыю Чэхіі адносна поўнай салідарнасці з дэмакратычнымі сіламі Беларусі і гатоўнасці працягваць падтрымку, адзначыўшы, што Чэхія памятае, як гэта — калі ў краіне дыктатура, а ў турмах знаходзяцца палітычныя зняволеныя.

Main carousel image