Амаль 11 тысяч беларускіх студэнтаў вучацца ў Польшчы
2026-09-12
10 710 беларускіх студэнтаў праходзілі навучанне ў польскіх ВНУ ў зімовым семестры 2025/2026 навучальнага года (станам на 31 снежня 2025 года). Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным адказе намесніка міністра навукі і вышэйшай адукацыі Польшчы Анджэя Шэптыцкага на адпаведны запыт намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўніка НАУ Паўла Латушкі.
Згодна з прадстаўленай інфармацыяй, найбольш беларусаў вучылася ў Варшаўскім універсітэце — 490 чалавек. У лідарах таксама Універсітэт Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне — 486, Універсітэт імя Адама Міцкевіча ў Познані — 453, Польска-Японская акадэмія камп’ютарных тэхналогій — 405 і Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве — 391.
Акрамя таго, прынамсі 566 беларускіх студэнтаў здабываюць адукацыю ў медыцынскіх ВНУ Польшчы, а 54 беларускія навукоўцы і даследчыкі працуюць у польскіх акадэмічных установах.
Прадстаўнік Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі адзначыў, што вялікая колькасць беларускіх студэнтаў у Польшчы сведчыць пра выбар многімі маладымі людзьмі і іх бацькамі якаснай еўрапейскай адукацыі замест ідэалагізаванага навучання ў Беларусі:«Колькасць нашых студэнтаў у паасобных універсітэтах Польшчы стварае вялікія зямляцтвы, з якіх, хочацца верыць, выйдуць тыя людзі, хто пасля вернецца змяняць Беларусь.
З іншага боку, на жаль, мы назіраем і негатыўны трэнд — скарачэнне колькасці беларускіх навучэнцаў за апошні год, што стала вынікам змены ўмоў прыёмнай кампаніі. Спадзяюся, аднак, гэта не будзе мець працяглага эфекту ў будучыні».
Павел Латушка падкрэсліў, што беларусы, якія сёння атрымліваюць адукацыю ў Польшчы, — гэта значны інтэлектуальны патэнцыял для будучыні краіны:«Тысячы маладых беларусаў сёння вучацца ў найлепшых універсітэтах Польшчы, якія таксама ўваходзяць у лік вядучых у Еўропе. Гэта наш велізарны інтэлектуальны патэнцыял для будучыні Беларусі, авангард, які здольны будаваць сучасную і квітнеючую дзяржаву.
Усе гэтыя студэнты маглі б атрымліваць веды і працаваць дома, і наша краіна не страчвала б адны са сваіх найлепшых кадраў, калі б не рэпрэсіўная палітыка Лукашэнкі. Яна пазбаўляе перспектыў як Беларусь у цэлым, так і маладых людзей, якія імкнуцца жыць і развівацца ў нармальнай, дэмакратычнай і вольнай краіне».
Намеснік кіраўніцы Кабінета асобна звярнуў увагу на больш як паўтысячы беларускіх студэнтаў у медыцынскіх універсітэтах Польшчы:«Больш за паўтысячы беларускіх студэнтаў у медыцынскіх універсітэтах Польшчы — гэта сапраўды ўражвальная лічба, асабліва з улікам таго, які востры дэфіцыт лекараў мы назіраем зараз у Беларусі. Гэта тыя маладыя спецыялісты, якія маглі б у будучыні ратаваць жыцці беларусаў і развіваць нашу ахову здароўя, але праз злачынныя дзеянні рэжыму вымушаныя рэалізоўваць свае таленты за мяжой.
Вельмі спадзяюся, што пасля дэмакратычных зменаў у Беларусі атрымаецца забяспечыць умовы для вяртання многіх беларусаў з еўрапейскай адукацыяй дадому, дзе яны змогуць рэалізаваць свой патэнцыял, будаваць паспяховую кар’еру і працаваць на карысць нашай незалежнай дзяржавы».



