Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Пытанні падтрымкі беларускай культуры ў эміграцыі абмеркавалі з прадстаўніцамі ПАРЕ

2026-09-11

Пытанні падрыхтоўкі даклада Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы «Культура як аснова дэмакратызацыі Беларусі» былі абмеркаваныя падчас сустрэчы намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, былога міністра культуры Беларусі Паўла Латушкі з дакладчыцай Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, дэпутаткай Сейма Польшчы Агнешкай Памаскай і кіраўніцай сакратарыята Камітэта ПАРЕ па культуры, навуцы, адукацыі і медыя Таццянай Тэрмачыч. У сустрэчы таксама ўзялі ўдзел акцёры з трупы «Вольныя Купалаўцы».

Дакладчыца ПАРЕ Агнешка Памаска, якая таксама з’яўляецца кіраўніцай  дэлегацыі парламента Польшчы ў ПАРЕ, рыхтуе даклад пра сітуацыю ў беларускай культуры, які плануецца прэзентаваць на вясенняй сесіі ПАРЕ ў 2027 годзе. Раней Павел Латушка як чалец дэлегацыі Каардынацыйнай Рады ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы выступіў на пасяджэнні Камітэта ПАРЕ па культуры, навуцы, адукацыі і СМІ, дзе прадставіў сітуацыю ў беларускай культуры.

Мэтамі будучага дакладу будуць прыцягненне ўвагі 47 краін-сябраў ПАРЕ да сітуацыі ў беларускай культуры, бо важна, каб свет не забываў пра Беларусь, а таксама ў ім будуць падрыхтаваныя канкрэтныя рэкамендацыі, каб дапамагчы дзячам і інстытуцыям беларускай культуры ў эміграцыі.

Падчас сустрэчы Павел Латушка расказаў прадстаўніцам ПАРЕ пра драматычную сітуацыю ў беларускай культуры, а таксама пра мэтанакіраваную палітыку рэжыму Лукашэнкі і Крамля па русіфікацыі сферы культуры ў краіне.

«На працягу дзесяцігоддзяў Лукашэнка змагаўся з беларускай культурай, але цяпер гэта набыло беспрэцэдэнтныя маштабы. Культура сёння з’яўляецца адной з галоўных мішэняў палітычных рэпрэсій у Беларусі. Таксама яна з’яўляецца асноўнай арэнай гібрыднай вайны Расіі супраць Беларусі, мэтай якой з’яўляецца перафарматаванне беларускай ідэнтычнасці».

Таксама падчас сустрэчы было адзначана, што рэжым працягвае пераследаваць беларускія культурныя ініцыятывы і іх прадстаўнікоў нават за мяжой — Музей Вольнай Беларусі, «Вольныя Купалаўцы» і іншыя культурніцкія арганізацыі прызнаны экстрэмісцкімі фарміраваннямі.

Акцёры з трупы «Вольныя Купалаўцы» расказалі, з якімі галоўнымі праблемамі сутыкаюцца яны і іншыя беларускія тэатральныя калектывы, якія вымушаныя знаходзіцца ў эміграцыі: адсутнасць пастаянных памяшканняў для пастановак, нестабільнае фінансаванне; таксама была адзначаная важнасць вяртання практыкі прадастаўлення стыпендый беларускім акцёрам. Гэтыя, як і іншыя праблемныя пытанні, будуць улічаныя падчас падрыхтоўкі дакладу, які ў далейшым будзе накіраваны ва ўсе краіны-сяброўкі Рады Еўропы.

Падчас сустрэчы Павел Латушка прапанаваў стварыць Еўрапейскі фонд беларускай культуры, каб заснаваць праграмы інстытуцыйнай і фінансавай падтрымкі незалежных беларускіх культурных устаноў і ініцыятыў.

Адначасова па дамоўленасці з дэпутаткай Сейма Польшчы Агнешкай Памаскай у ПАРЕ плануецца арганізацыя шэрагу мерапрыемстваў, прысвечаных беларускай культуры.

Таксама ў гэты дзень Агнешка Памаска сустрэлася з кіраўніцтвам Рады культуры і кіраўніцтвам Музея Вольнай Беларусі. Сустрэчы былі арганізаваныя пры падтрымцы дэлегатаў Каардынацыйнай Рады з фракцыі «Латушка і Рух "За Свабоду"». Сёння Агнешка Памаска сустрэнецца з прадстаўнікамі беларускай культуры ў Беластоку.

Main carousel image