Ключ да вырашэння трагедыі, якая цяпер адбываецца ў Еўропе — гэта аб'яднаная Еўропа
2026-09-10
«Стратэгія ЕС мусіць палягаць не толькі ў тым, каб будаваць на мяжы плот і купляць зброю. Стратэгія таксама мусіць быць у інфармацыйнай сферы. Мы мусім змагацца за розумы людзей», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас XXXV Эканамічнага форуму ў Карпачы на панэльнай дыскусіі «Паміж канфрантацыяй і суіснаваннем — якая стратэгія Захаду адносна Расіі?».
У панэльнай дыскусіі таксама ўзялі ўдзел старшы аналітык у Еўрапейскім палітычным цэнтры Філіп Лаўсберг, былая амбасадарка Славакіі ў Польшчы Магдалена Вашарава, эксперт Інстытута бяспекі і міжнароднага развіцця Уладзімір Панамароў, а таксама галоўны рэдактар тэлебачання wPolsce24 Яцак Карноўскі.
«Ці мусіць Захад цяпер думаць пра тое, як супрацоўнічаць з Расіяй? Тут таксама паўстаюць пытанні моральнага выбару. Як мы можам сёння ўявіць сабе хоць нейкае супрацоўніцтва з Расіяй тады, калі яна працягвае агрэсію супраць Украіны? Тады, калі Расія хоча кантраляваць суседнія краіны? Я сабе не ўяўляю, як можна адмовіцца ад санкцыйнай палітыкі супраць Расіі, калі яна не аддасць акупаваныя тэрыторыі Украіне і не выведзе сваю армію з акупаваных земляў», — адзначыў Павел Латушка.
У ходзе дыскусіі Павел Латушка падкрэсліў важнасць барацьбы супраць расійскай прапаганды ў Беларусі:
«Мы мусім дзейнічаць і дбаць пра ўнутраныя змены ў Беларусі, змагацца за іх. Падтрымліваць дэмакратычныя сілы, падтрымліваць незалежныя беларускія СМІ, фінансаваць гэта — і фінансаваць у такой ступені, каб гэта сапраўдна мела велізарны ўплыў. Калі Расія цяпер кантралюе інфармацыйную прастору Беларусі і інвестуе ў гэта сотні мільёнаў ці нават мільярды долараў, то Еўрапейскі саюз, каб эфектыўна супрацьдзейнічаць расійскай прапагандзе, мусіць інвеставаць столькі ж у беларускае грамадства».
Падчас дыскусіі Павел Латушка адзначыў, што так званая сфера ўплыву Расіі за апошнія гады значна скарацілася. Расія страчвае свой уплыў у Арменіі, Азербайджане, Цэнтральнай Азіі, раней у Сірыі, зараз у Венесуэле, а ў перспектыве яшчэ на Кубе, адзначыўшы, што на сённяшні дзень рэальнай сферай уплыву Расіі застаецца толькі Беларусь.:
«Гэта вынікае з палітыкі Лукашэнкі, які 32 гады таму вырашыў, што будзе праводзіць аднавектарную знешнюю палітыку. Ён глядзеў толькі на Расію. І цяпер, як вынік, Лукашэнка фактычна прадаў знешнюю і ваенную палітыку. Гэта драматычна адбылося пасля выбараў 2020 года, калі ён іх прайграў і, каб не страціць пасаду, папрасіў падтрымкі ў Расіі», — падкрэсліў Павел Латушка.
Асобна Павел Латушка адзначыў неабходнасць аб'яднанай Еўропы для эфектыўнага супрацьстаяння расійскай агрэсіўнай палітыцы:
«Якім чынам можна скончыць вайну ва Украіне? Гэта аб'яднаная моцная Еўропа, якая падтрымлівае Украіну, а таксама праактыўная камунікацыя еўрапейскіх лідараў з Кітаем, дзеля таго, каб Кітай перастаў падтрымліваць агрэсію Расіі супраць Украіны. Гэта ключ да заканчэння вайны», — падкрэсліў Павел Латушка.
Народнае антыкрызіснае ўпраўленне з’яўляецца афіцыйным інстытуцыйным партнёрам XXXV Эканамічнага форуму ў Карпачы. Форум сабраў больш за 6000 гасцей з 53 краін свету, а таксама на ім праходзіць больш за 500 панэльных дыскусій.



