Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Павел Латушка на Эканамічным форуме ў Карпачы: пра рэпрэсіі ў Беларусі і вызваленне Анджэя Пачобута

2026-09-08

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка і прадстаўнікі НАУ распачалі працу на XXXV Эканамічным форуме ў Карпачы. На форуме плануецца ўдзел больш як 6000 гасцей з 53 краін свету, адбудзецца больш за 500 панэльных дыскусій.

Павел Латушка выступіць 9 верасня на панэльнай дыскусіі «Праз канфрантацыю да суіснавання — якая стратэгія Захаду адносна Расіі?».

Спікер Каардынацыйнай Рады Арцём Брухан выступіць 9 верасня на панэльнай дыскусіі «Цэнтральная Еўропа — стратэгічная роля рэгіёна ў фарміраванні архітэктуры бяспекі».

У дзень адкрыцця форуму Павел Латушка даў інтэрв’ю вядучым польскім СМІ: навінаваму тэлеканалу TVN24, дзяржаўнаму інфармацыйнаму агенцтву — Польскаму агенцтву друку (PAP), а таксама вядучаму польскаму радыё RMF24.

Галоўнае пытанне, якое цікавіць польскіх журналістаў сёння, — гэта тое, што Анджэй Пачобут вярнуўся ў Беларусь.

Павел Латушка адзначыў, што Анджэй Пачобут у вачах беларусаў і палякаў з’яўляецца героем:

«Гэта сапраўды моцны ўчынак чалавека, які змагаецца за правы польскай меншасці ў Беларусі, і ён заслугоўвае найвышэйшых слоў павагі і падтрымкі».

Разам з тым Павел Латушка падкрэсліў, што важна не забывацца пра працяг рэпрэсій у Беларусі. Каля тысячы палітычных зняволеных знаходзяцца ў беларускіх турмах. Лукашэнка працягвае саджаць людзей у турмы па палітычных матывах, і яны вымушаныя пакідаць краіну. Сотні тысяч беларусаў, якія былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі, не могуць вярнуцца дадому, бо ім пагражае зняволенне.

Выезд Анджэя Пачобута ў Беларусь стаў магчымым дзякуючы яго волі і характару як чалавека, а таксама дзякуючы дамоўленасцям, дасягнутым прадстаўнікамі ЗША і польскай дыпламатыі з рэжымам Лукашэнкі.

Павел Латушка адзначыў, што ў Беларусі ліквідавана больш за 2000 недзяржаўных арганізацый, якія не могуць дзейнічаць у краіне, бо пазбаўленыя легальнага статусу. Адначасова ён звярнуў увагу на тое, што за апошнія гады больш за 100 чалавек пры вяртанні з Польшчы ў Беларусь былі затрыманыя, а ў далейшым асуджаныя на шмат гадоў пазбаўлення волі.

«Лукашэнка будзе спрабаваць выкарыстаць гэтую сітуацыю, каб прадаць ілжывы тэзіс пра нібыта жаданне нармалізаваць адносіны з ЕС і ЗША. Аднак, калі ён сапраўды хоча нармалізацыі адносін, ён мусіць змяніць унутрыпалітычную сітуацыю ў краіне, што дазволіла б усім беларусам, якія вымушана пакінулі краіну, бесперашкодна вярнуцца на Радзіму», — адзначыў Павел Латушка.

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне з’яўляецца афіцыйным інстытуцыйным партнёрам XXXV Эканамічнага форуму ў Карпачы.

Main carousel image