Якой павінна быць беларуская армія будучыні?
2026-09-08
8 верасня, у Дзень беларускай вайсковай славы, прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Вадзім Кабанчук выказаўся пра прынцыпы, на якіх павінна будавацца беларуская армія пасля дэмакратычных зменаў, і рэформы, якія для гэтага спатрэбяцца.«Будучая беларуская армія павінна быць арміяй незалежнай дзяржавы, а не рэжыму. Яе галоўная місія — не ўтрыманне ўлады, не ўдзел у палітычных рэпрэсіях і не выкананне чужых імперскіх задач, а абарона суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі і беларускага народа.
Гэта павінна быць нацыянальная, прафесійная і сучасная армія, здольная ваяваць ва ўмовах войнаў XXI стагоддзя. Не вялікая, але мабільная, добра падрыхтаваная і тэхналагічная, з развітымі войскамі беспілотных сістэм, супрацьпаветранай абаронай, кібервойскамі і сучаснай выведкай. Яна павінна быць арыентаваная найперш на абарону сваёй тэрыторыі, а не на вядзенне агрэсіўнай вайны супраць суседзяў.
Галоўнай каштоўнасцю і галоўным рэсурсам арміі павінен заставацца чалавек. Беларускае войска будучыні павінна стаць месцам, дзе паважаюць годнасць салдата і афіцэра, дзе камандзір нясе адказнасць за сваіх людзей, а жыццё вайскоўца не разглядаецца як расходны матэрыял.
Пасля дэмакратычных зменаў нам спатрэбіцца новая прысяга беларускаму народу і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а не прэзідэнту. Армія не павінна служыць ніводнай палітычнай сіле. Неабходна забяспечыць грамадзянскі і парламенцкі кантроль над войскам і іншымі сілавымі структурамі, каб больш ніколі адзін чалавек не мог падпарадкаваць іх сабе.
Трэба будзе правесці рэформу каманднага складу і аддзяліць прафесійных вайскоўцаў, якія не заплямілі сябе злачынствамі супраць народа і гатовыя служыць незалежнай дзяржаве, ад тых, хто ўдзельнічаў у палітычных рэпрэсіях ці іншых злачынных дзеяннях. Прынцып вельмі просты: прафесіяналізм, лаяльнасць да новай беларускай дзяржавы.
Армію таксама трэба будзе ачысціць ад залежнасці ад элементаў, якія спачуваюць арміі агрэсара, Расійскай Федэрацыі. Тыя, хто вывешваў плакаты ПВК «Вагнер», падтрымліваў так званую «СВО», не могуць служыць у арміі незалежнай беларускай дзяржавы.
Беларуская армія павінна мець сваю вайсковую традыцыю, гісторыю, мову і сімволіку. Яна павінна памятаць не толькі савецкую спадчыну, але абапірацца на нашу гісторыю: ад Вялікага Княства Літоўскага і паўстанцаў да беларускіх вайсковых фарміраванняў XX стагоддзя. Часткай гэтай гісторыі будуць і імёны беларускіх добраахвотнікаў, якія сёння абараняюць незалежнасць Украіны.
Усіх годных беларускіх вайскоўцаў хачу павіншаваць з Днём беларускай вайсковай славы. Пажадаць, каб яны заставаліся вернымі прысязе, свайму народу і сваёй Бацькаўшчыне.
Можа, мы зараз знаходзімся ў розных абставінах, нават па розныя бакі межаў. Але галоўнае — не здрадзіць Беларусі, бо наперадзе нас чакаюць агульныя выпрабаванні. Армія павінна служыць не дыктатару, не чужой дзяржаве, а абараняць свой народ.
Дзякуй усім, хто застаецца чалавекам нават у складаных сучасных умовах. Жыве Беларусь!»
— адзначыў Вадзім Кабанчук.



