Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Для дзяцей вельмі важна не забываць сваё роднае

2026-09-05

«Звяртаючыся да дзяцей, я хацеў бы сказаць: трэба паважаць і шанаваць настаўнікаў. Гэта тыя людзі, якія дораць вам свет, якія закладваюць падмурак у вашае будучае жыццё. І тут, калі вы дазволіце, у першую чаргу я хацеў бы, каб мы паапладавалі спадару дырэктару Алесю Лозку, усім настаўнікам, якія дбаюць пра беларускасць тут, у Польшчы, і вучаць нашых дзяцей. Дзякуй вам вялікі», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас адкрыцця навучальнага года ў пачатковай школе № 187 імя Адама Міцкевіча ў Варшаве. Па суботах у школе будуць вучыцца беларускія дзеці

У цэрымоніі адкрыцця навучальнага года таксама прыняў удзел прадстаўнік Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі.

«Я хацеў бы шчыра падзякаваць кіраўніцтву варшаўскай школы і польскім уладам за тое, што нашы дзеці з Беларусі маюць магчымасць працягваць вывучэнне беларускай мовы, гісторыі і культуры ў Польшчы. Польскі і беларускі народы — вельмі блізкія. Нас яднаюць і Манюшка, і Касцюшка, і Агінскі, і Радзівілы, і, вядома, Міцкевіч, і гэты спіс сапраўды вельмі доўгі.

Перакананы, што дзеці, якія вучацца за мяжой, у эміграцыі, у такіх трошкі складаных умовах, сапраўды будуць элітай нашай беларускай нацыі. Памятайце пра гэта і вучыцеся добра.

Дзякуй бацькам, бо я разумею, што гэта дадатковыя высілкі — прывозіць дзяцей, навучаць беларускай мове і культуры. Вялікі вам дзякуй за гэты грамадзянскі ўчынак, за тое, што вы памятаеце, адкуль мы родам. Для дзяцей вельмі важна не забываць сваё роднае. Віншую з пачаткам навучальнага года!» — дадаў Павел Латушка.

Павел Латушка зрабіў ахвяраванне з асабістых сродкаў на карысць фундацыі школы ў памеры 1000 польскіх злотых.

Варта падкрэсліць, што ў школе на дадзены момант працуюць класы з 0 па 8. У гэтым годзе 30 дзяцей сталі новымі вучнямі, а агулам у школе будзе навучацца больш за 60 дзяцей з Беларусі.

Main carousel image