Святлана Ціханоўская правяла брыфінг для дыпламатаў 17 краін ЕС
2026-09-02
2 верасня кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская правяла ў Вільнюсе брыфінг для амбасадараў і дыпламатаў 17 краін Еўрасаюза. Сустрэчу арганізавала амбасада Ірландыі.
Кіраўніца Кабінета прадставіла вынікі Канферэнцыі «Новая Беларусь», распавяла пра працу дзеля вызвалення палітвязняў і супрацоўніцтва з Украінай. Асобную ўвагу яна звярнула на неабходнасць захоўваць ціск на рэжым Лукашэнкі і рызыку далейшага ўцягвання Беларусі ў расійскую вайну.«Мы не павінны забываць, што новых зняволеных па-ранейшаму затрымліваюць, і рэпрэсіі працягваюцца. Таму мы просім нашых еўрапейскіх партнёраў захаваць ціск і не змякчаць яго, пакуль мы не ўбачым сістэмных змен. Мы не павінны паддавацца шантажу Лукашэнкі ў адносінах да ЕС»,
— адзначыла Святлана Ціханоўская.
Яна таксама звярнула ўвагу дыпламатаў на сітуацыю ўнутры Беларусі:«Сітуацыя ўнутры Беларусі застаецца сур’ёзнай. Рэжым працягвае рэпрэсіі. Прасторы для незалежнай палітычнай ці сацыяльнай дзейнасці амаль не засталося. Рэжым нацэльваецца амаль на ўсё незалежнае. Эканоміка стагнуе. Расійскія ваенныя кантракты — адзін з фактараў, якія падтрымліваюць яе ў жыцці. Але ж нягледзячы на спробы рэжыму знішчыць усё жывое і незалежнае, падпольнае жыццё працягваецца. Яно адрастае зноў, як трава праз бетон».
Падчас брыфінгу Святлана Ціханоўская таксама паведаміла пра падрыхтоўку ірландска-беларускай канферэнцыі, прысвечанай нацыянальнай ідэнтычнасці, культуры і медыя.
У сустрэчы ўзялі ўдзел прадстаўнікі Аўстрыі, Харватыі, Чэхіі, Даніі, Эстоніі, Фінляндыі, Францыі, Грэцыі, Венгрыі, Ірландыі, Італіі, Латвіі, Нідэрландаў, Польшчы, Румыніі, Іспаніі і Швецыі.



