Адзін беларус замежжа — адзін еўра для Украіны
2026-09-02
Беларуска-ўкраінскі валанцёрскі цэнтр «Сустрэча» запусціў акцыю салідарнасці і агульны збор дапамогі для Украіны.
Ідэя простая: адзін беларус замежжа — адзін еўра. Таксама можна ахвяраваць па адным еўра за родных і блізкіх, якія застаюцца ў Беларусі, падтрымліваюць Украіну, але не могуць далучыцца да збору самастойна.
Сабраныя сродкі будуць накіраваныя на дапамогу вайсковым і цывільным ва Украіне.
Падтрымаць акцыю заклікала выконваючая абавязкі прадстаўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па сацыяльнай палітыцы Юлія Міцкевіч:
«Гэта акцыя салідарнасці беларусаў і беларусак з украінцамі і ўкраінкамі — вельмі простая, але пры гэтым вельмі каштоўная. Усяго адзін еўра данату здаецца зусім невялікай сумай, але насамрэч паказвае, як шмат нас — тых, хто падтрымлівае Украіну і ўкраінскі народ у гэтыя складаныя часы, калі Расія вядзе супраць іх вайну. Асабліва цяпер, калі абстрэлы гарадоў і мірных жыхароў значна ўзмацніліся.
Я зрабіла свой унёсак — за сябе і за тых, хто па розных прычынах не можа зрабіць гэта самастойна. Заклікаю ўсіх, у каго ёсць магчымасць, таксама далучыцца. Давайце яшчэ раз пакажам неверагодную сілу салідарнасці беларусаў».
🔗 Падтрымаць збор можна па спасылцы.
❗️У мэтах бяспекі ахвяраванні прымаюцца толькі з картак беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой.
Далучайцеся да акцыі і дапамажыце паказаць, колькі беларусаў і беларусак сёння падтрымліваюць Украіну.




