Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета, член Каардынацыйнай рады ад фракцыi “Кааліцыя Латушка і “Рух за свободу” Уладзімір Астапенка ўзначаліў дэлегацыю беларускіх дэмакратычных сіл у Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ).

2026-08-31

Што гэта азначае на практыцы?

Якія задачы стаяць перад дэлегацыяй, ці можа змяніцца яе статус і ці здольная ПАСЕ паўплываць на сітуацыю вакол Беларусі і рызыку яе ўцягвання ў вайну?

Пагаварылі з Уладзімірам Астапенкам.

Якімі вы бачыце галоўныя задачы дэлегацыі ў ПАСЕ на перыяд яе працы ў новай двухгадовай кадэнцыі?

— Дэлегацыя беларускіх дэмакратычных сіл у ПАСЕ — гэта голас беларускага народа ў агульнаеўрапейскім кантэксце, таму што Савет Еўропы аб’ядноўвае ўсе дзяржавы кантынента, ад Партугаліі да Азербайджану. Вядома, што ў 2022 з гэтай арганізацыі была выключана Расія, а Беларусь праз палітыку Лукашэнкі так і не здолела далучыцца да Савета Еўропы. Таму я лічу, што сёння ўжо сама магчымасць быць пачутымі еўрапейскімі парламентарыямі мае вялікую каштоўнасць.

ПАСЕ — гэта платформа, дзе абмяркоўваюцца агульнаеўрапейскія праблемы ў кантэксце дэмакратыі — вяршэнства права, правоў і свабод чалавека. У кожнай краіны ёсць як свае, так і агульнаеўрапейскія праблемы. І там збіраюцца людзі, якія спрабуюць гэтыя праблемы вырашаць, удасканальваць сістэмы і працэдуры, што ў выніку паляпшае жыццё людзей на кантыненце. Зараз і ў нас ёсць магчымасць уносіць свой уклад у агульную дыскусію, прама ці ўскосна ўплываць на праекты рашэнняў, рабіць акцэнт на сваіх нацыянальных інтарэсах, на сваёй спецыфіцы і адначасова разумець, як працуюць гэтыя агульнаеўрапейскія працэсы. Разумець, чаго ад нас чакаюць.

— Ці можам мы вылучыць нейкія канкрэтныя напрамкі?

— Ёсць рэзалюцыі, якія ПАСЕ прымае па тэмах, звязаных з Беларуссю: сістэмныя рэпрэсіі і парушэнні правоў чалавека, палітычныя зняволеныя, трансгранічныя злачынствы. Ёсць шмат праектаў, якія яшчэ трэба рэалізаваць. А якой акажацца рэальнасць, наколькі нашы прапановы і папраўкі будуць пачутыя і ўлічаныя, можна будзе казаць ужо па выніках працы.

— Атрымліваецца, што цяпер дэмакратычныя сілы Беларусі ўдзельнічаюць у працы ПАСЕ ў спецыяльным фармаце. Ці магчыма, на ваш погляд, у найбліжэйшыя год-два пашырэнне гэтага фармату і атрыманне больш афіцыйнага статусу ў структурах Савета Еўропы?

— На сённяшні дзень, па сутнасці, мы ўжо рэальна ўдзельнічаем у працы ПАСЕ, ізалюючы рэжым Лукашэнкі і прасоўваючы нацыянальныя беларускія інтарэсы. Савет Еўропы прыняў рашэнне спыніць кантакты з рэжымнымі ўрадам і парламентам і, наадварот, наладзіць супрацоўніцтва са структурамі беларускіх дэмакратычных сіл. І наша дэлегацыя якраз і выконвае гэтую місію — па ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі і пашырэнні суб’ектнасці беларускіх дэмакратычных сіл.

— На ваш погляд, якую ролю ПАСЕ можа адыграць у прадухіленні ўцягвання Беларусі ў вайну? Ці ёсць увогуле ў гэтай структуры рэальныя інструменты ўплыву?

— ПАСЕ — гэта выключна пра гуманітарнае супрацоўніцтва, заснаванае на ідэі захавання правоў чалавека і дэмакратычных каштоўнасцяў. Зразумела, што Савет Еўропы выступае супраць вайны.

І тут варта памятаць, што менавіта Савет Еўропы стаў ініцыятарам стварэння спецыяльнага трыбунала для разгляду злачынства агрэсіі супраць Украіны. Якраз у папярэднім двухгадовым цыкле, па ініцыятыве беларускай дэлегацыі, мандат гэтага спецтрыбунала быў распаўсюджаны і на ваенна-палітычнае кіраўніцтва Беларусі. І гэтая тэма зараз планава развіваецца.

Main carousel image