Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Рэзалюцыі Канферэнцыі «Новая Беларусь», санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў, рэгіянальная бяспека — што абмяркоўвалі на паседжанні Аб’яднанага пераходнага кабінета?

2026-08-28

27 жніўня адбылося чарговае паседжанне Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі. Прадстаўнікі Кабінета абмеркавалі вынікі апошніх сустрэч і візітаў, працу пасля Канферэнцыі «Новая Беларусь», падрыхтоўку да наступных міжнародных мерапрыемстваў і выклікі рэгіянальнай бяспецы. Асобна размова ішла пра тое, што павінна быць прадпрынята Кабінетам у выпадку новай вайсковай эскалацыі вакол Беларусі.

1️⃣ Пасля Канферэнцыі «Новая Беларусь» былі прынятыя дзевяць рэзалюцый, у тым ліку Палітычная рэзалюцыя, рэзалюцыі «Аб абароне суверэнітэту і недапушчэнні ўцягвання Беларусі ў вайну», «Аб супрацьдзеянні транснацыянальным рэпрэсіям і абароне беларусаў за мяжой» ды іншыя.

На паседжанні прынята рашэнне пра іх далейшае прасоўванне: рэзалюцыі будуць накіраваныя ў Еўрапейскую камісію, Еўрапейскую службу знешніх дзеянняў, міністэрствы замежных спраў краін-партнёраў і іншым міжнародным партнёрам.

2️⃣ Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка паведаміў, што ў Міністэрства замежных спраў Украіны накіравана прапанова аб магчымым увядзенні санкцый супраць 11 беларускіх прадпрыемстваў, якія спрыяюць ваенна-прамысловаму комплексу Расійскай Федэрацыі ў вытворчасці ўзбраенняў. Гэтая зброя пасля выкарыстоўваецца ў агрэсіі супраць Украіны.

3️⃣ Абмеркавалі і ўдасканаленне сістэмы ўзнагарод у Аб’яднаным пераходным кабінеце. Праект зменаў плануюць вынесці на разгляд Кабінета найбліжэйшым часам.

4️⃣ У сувязі з падрыхтоўкай да другой Міжнароднай канферэнцыі па вяртанні ўкраінскіх дзяцей, незаконна ўтрымліваемых грамадзянскіх асоб і ваеннапалонных, якая пройдзе 28–29 верасня ў Канадзе, абмеркавалі далейшую працу з украінскім бокам па пытаннях садзейнічання вяртанню ўкраінскіх дзяцей, незаконна перамешчаных на тэрыторыі Беларусі і Расіі.

5️⃣ На паседжанні абмеркаваны пытанні бяспекі і рызыкі для беларускага грамадства, якія стварае палітыка рэжыму Лукашэнкі па падтрымцы агрэсіі Расіі супраць Украіны.

6️⃣ Таксама разгледжаны вынікі адмысловай нарады і наступныя крокі: стварэнне пастаяннай працоўнай групы, аднаўленне крызіснага механізму прыняцця рашэнняў і іншыя непублічныя захады. Працоўная група будзе адсочваць развіццё сітуацыі ў рэгіёне і загадзя прапрацоўваць розныя сцэнары і варыянты рэагавання з боку дэмакратычных сілаў, у тым ліку на магчымы рост расійскай вайсковай прысутнасці ў Беларусі або ўцягванне беларускіх войскаў у вайну.

Main carousel image