Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Павел Латушка абмеркаваў пытанні прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці з Паслом МЗС Украіны, які адказвае за сувязь з беларускімі дэмакратычнымі сіламі

2026-08-10

Пытанні прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці за здзейсненыя злачынствы былі абмеркаваны падчас сустрэчы намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўніка НАУ Паўла Латушкі з Паслом па асаблівых даручэннях МЗС Украіны, які адказвае за сувязь з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, Яраславам Чарнагорам. У сустрэчы таксама прыняў удзел спікер Каардынацыйнай Рады Арцём Брухан.

Разгледжаны пытанні далейшага ўзаемадзеяння па прыцягненні да адказнасці Лукашэнкі:

— за здзяйсненне злачынства агрэсіі;

— за незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей-сірот у Беларусь з часова акупаваных тэрыторый Украіны;

— за злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа.

Aкрамя таго, падчас сустрэчы былі абмеркаваны далейшыя крокі па ўзаемадзеянні ў пытанні ўзмацнення санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі.

Асобная ўвага была прысвечана далучэнню дэмакратычных сіл Беларусі да Люблінскага фармату для больш шчыльнага палітычнага ўзаемадзеяння з Літвой, Польшчай і Украінай.

Павел Латушка і Арцём Брухан перадалі Яраславу Чарнагору рэзалюцыю «Аб прыярытэтах беларуска-ўкраінскага супрацоўніцтва», якая была падтрымана Аб’яднаным Пераходным Кабінетам, Офісам Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйнай Радай і прынята падчас Канферэнцыі «Новая Беларусь».

Сярод галоўных прыярытэтаў супрацы ў рэзалюцыі ў тым ліку адзначаецца «Развіццё ўзаемадзеяння паміж беларускімі дэмакратычнымі інстытутамі, Вярхоўнай Радай і іншымі дзяржаўнымі інстытутамі Украіны, каардынацыя пазіцый і сумесная праца ў міжнародных арганізацыях і парламенцкіх асамблеях», а таксама «Каардынацыя міжнародных намаганняў для дакументавання злачынстваў, прыцягнення да адказнасці асоб, датычных да саўдзелу ў расійскай агрэсіі і незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей, а таксама прымянення мэтавых санкцый да адказных асоб і структур».

Aкрамя таго, Яраславу Чарнагору была перададзена рэзалюцыя Каардынацыйнай Рады «Аб Круглым стале па пераадоленні палітычнага крызісу і ўмацаванні незалежнасці Рэспублікі Беларусь», у якой падтрымліваецца ідэя правядзення Круглага стала для выхаду з крызісу і ўмацавання незалежнасці Беларусі.

Main carousel image