Павел Латушка: Давайце памятаць, што нас большасць
2026-08-10
«Думаю, кожны з нас сёння раніцай, калі прачнуўся, узгадваў гэты дзень, 9 жніўня. Што ён рабіў, што ў гэты момант ён думаў, пра што марыў. І перакананы, што гэты дзень застанецца ў гісторыі, бо гэта па праве. Па праве таго, што беларускі народ у гэты дзень адчуў сябе вольным народам, моцным народам», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас акцыі «Дзень годнасці» ў Варшаве, прысвечанай шостай гадавіне падзей 9 жніўня 2020-га.
«У гэты дзень я ўспамінаю мой родны, не, прабачце, наш родны Купалаўскі, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. І я ўзгадваю, калі я быў звольнены, як падтрымалі мяне артысты і супрацоўнікі Купалаўскага тэатра. І гэта застанецца са мной на ўсё жыццё. Іх салідарнасць, іх цёплыя словы.
Сёння я хацеў бы згадаць пра дзеячаў культуры, якія моцна пацярпелі. Канешне, пацярпелі ўсе, усе слаі грамадства, шмат беларусаў. Але артысты, якія выступілі з народам, заслугоўваюць апладысментаў, заслугоўваюць павагі і пашаны. Дзякуй вам, Купалаўцы! Дзякуй вам усім, дзеячам культуры, за тое, што вы з народам да сённяшняга дня. Да сённяшняга дня ў турмах 61 дзеяч культуры Беларусі. Гэтую інфармацыю апублікаваў беларускі ПЭН. І мы павінны памятаць пра кожнага палітзняволенага.
Дзед цягне нас у мінулае. Гэты дзед з вусамі, не ведаю чаму, ён усё жыццё марыць пра Савецкі Саюз. Ён хоча зацягнуць нашу краіну, родную нашу маці-Беларусь, у савецкае мінулае. Але яму гэта не ўдасца, бо расце маладое пакаленне. Я бачу тут шмат маладых твараў. Я перакананы, гэтыя маладыя людзі, дзяўчаты і хлопцы ў Беларусі, таксама не хочуць у мінулае. Яны хочуць жыць у вольнай, свабоднай, дэмакратычнай, еўрапейскай Беларусі. Дзед быў у шоку 9 жніўня, і 10, і 11. Дзед да гэтай пары ў шоку. Ён баіцца нас, таму ён не спыняе рэпрэсіі. Давайце памятаць, што нас большасць.
А той дзед, які здзяйсняе злачынствы, панясе адказнасць за ўсё, што ён зрабіў супраць беларускага народа. Не было ў гісторыі беларускага народа чалавека, які нарадзіўся на беларускай зямлі, якога я не магу назваць беларусам, які зрабіў столькі жудаснага, дрэннага для беларускага народа. І гэта беларускі народ не забудзе, і ён будзе на чорных старонках беларускай гісторыі», — адзначыў Павел Латушка.



