Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

«Віза маладога беларуса», прызнанне дакументаў аб адукацыі і падтрымка моладзевых арганізацый. Чым зоймецца новы прадстаўнік АПК Аляксей Грахоўскі

2026-08-09

Выконваць абавязкі прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета па моладзевай палітыцы і студэнцтве будзе Аляксей Грахоўскі. На гэтай пасадзе ён змяніў Маргарыту Ворыхаву.

Мы пагаварылі з Аляксеем пра прыярытэты прадстаўніцтва, магчымасці для моладзі ў Беларусі і за мяжой, прызнанне дыпломаў, праблемы легалізацыі і супрацоўніцтва з моладзевымі арганізацыямі.

❤️«Віза маладога беларуса»

Адным з асноўных праектаў прадстаўніцтва павінна стаць спецыяльная кароткатэрміновая віза для маладых грамадзян Беларусі. Цяпер канцэпцыю абмяркоўваюць з еўрапейскімі партнёрамі.

«Адным з самых важных праектаў у найбліжэйшы час, думаю, будзе “віза маладога беларуса”. Яна дазволіць маладым людзям з нашай краіны прыязджаць у ЕС, падарожнічаць, удзельнічаць у кароткатэрміновых стажыроўках і бачыць, як жывуць еўрапейцы».

Пакуль праект знаходзіцца на стадыі кансультацый, таму назваць магчымыя тэрміны яго рэалізацыі Грахоўскі не гатовы:

«Канцэпцыя ёсць, з ёй мы звяртаемся да еўрапейскіх партнёраў. Яны нас слухаюць, кансультацыі праводзяцца, але больш на гэтым этапе я сказаць не магу».

❤️Прызнанне дыпломаў і атэстатаў

Яшчэ адным кірункам стане спрашчэнне бюракратычных працэдур для абітурыентаў і студэнтаў, якія хочуць працягнуць адукацыю за межамі Беларусі.

«Мы будзем звяртацца ў адпаведныя ўстановы Польшчы, Літвы і іншых краін Еўрасаюза, каб беларускія дыпломы і атэстаты прызнаваліся нароўні з мясцовымі дакументамі. Трэба зрабіць так, каб маладыя людзі маглі спакойна працягваць навучанне і не сутыкаліся з бюракратычнымі перашкодамі».

Асобнага падыходу патрабуюць спецыяльнасці, навучальныя праграмы па якіх значна адрозніваюцца ў Беларусі і еўрапейскіх краінах. У прыватнасці, гэта датычыцца медыцынскай адукацыі.

«Па такіх спецыфічных напрамках, як медыцына, праграмы могуць вельмі моцна адрознівацца. Тут трэба асобна звяртацца і ў міністэрствы адукацыі, і ў міністэрствы аховы здароўя, якія сумесна фарміруюць праграмы падрыхтоўкі спецыялістаў».

Грахоўскі таксама расказаў пра сумесны зварот з прадстаўніком па нацыянальным адраджэнні Паўлам Баркоўскім у Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Польшчы. Ён датычыўся абітурыентаў, якія праз сітуацыю ў Беларусі не могуць падаць поўны камплект дакументаў.

«Мы атрымалі адказ: абітурыенты з Беларусі могуць скарыстацца спецыяльным шляхам — пазначыць, што ў іх няма магчымасці атрымаць неабходныя дакументы, і звярнуцца па пацвярджэнне дыплома або атэстата ў адпаведную ўстанову. Механізм ужо пачаў працаваць, аднак канкрэтных выпадкаў мы пакуль не бачым. Чакаем зваротнай сувязі ад людзей: ці атрымалася ў іх прайсці працэдуру і атрымаць неабходнае пацвярджэнне».

❤️Супрацоўніцтва з моладзевымі арганізацыямі

Прадстаўніцтва таксама плануе пашыраць узаемадзеянне з беларускімі моладзевымі аб’яднаннямі. На думку Грахоўскага, менавіта яны найлепш разумеюць праблемы і запыты розных груп моладзі.

«У беларускай супольнасці існуе шмат моладзевых арганізацый, у тым ліку Нацыянальны моладзевы савет "RADA». Я хацеў бы, каб прадстаўніцтва вельмі шчыльна працавала з імі. Гэта прафесійныя людзі, якія ведаюць, што менавіта хвалюе іх аўдыторыю: студэнтаў, экалагічных актывістаў і іншыя групы моладзі. Нам неабходна ўзмацняць гэтае ўзаемадзеянне, рэгулярна праводзіць кансультацыі і стратэгічныя сесіі. Так Кабінет зможа бачыць рэальную сітуацыю і разумець існуючыя патрэбы».

Яшчэ адной задачай стане дапамога моладзевым ініцыятывам у пошуку рэсурсаў.

«АПК як палітычная структура падтрымлівае камунікацыю з еўрапейскімі партнёрамі, а беларускія моладзевыя арганізацыі сёння найчасцей працуюць у еўрапейскай прасторы. Кабінет можа дапамагаць ім шукаць магчымасці фінансавання. Цяпер гэтае пытанне стаіць асабліва востра».

Main carousel image