«Анлайн-паліклініка» для людзей у Беларусі, унутраныя гендарныя правілы для дэмсіл, дапамога суайчыннікам ва Украіне і Еўропе. Якія планы ў прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы АПК Юліі Міцкевіч
2026-08-09
Сёння на канферэнцыі «Новая Беларусь» было абвешчана, што выканаўцай абавязкаў прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінета стала Юлія Міцкевіч. Дэ-факта яна заняла гэтую пасаду яшчэ 1 жніўня, змяніўшы Вольгу Зазулінскую, якая пяройдзе на пасаду кіраўніцы Дэмакратычнай місіі АПК ва Украіне.
Мы папрасілі Юлію распавесці пра галоўныя праблемы, якія яна бачыць у сацыяльнай сферы, а таксама пра крокі, якія плануецца зрабіць у найбліжэйшы час.
«Наша каманда працуе ў Аб’яднаным пераходным кабінеце амаль два гады, і мае планы як новай кіраўніцы — працягваць і развіваць тое, што ўжо было закладзена ў нашу працу раней. Асноўныя напрамкі ў нас наступныя.
Пытанні аховы здароўя. Хацела б вылучыць два важныя праекты, над якімі мы сёння працуем.
1️⃣ Першы з іх ужо быў прадстаўлены на канферэнцыі «Новая Беларусь». Паміж сабой мы называем яго «Раёнкай» або «анлайн-паліклінікай». Гэта платформа, якая дазваляе кансультаваць людзей у Беларусі па розных медыцынскіх пытаннях. Асаблівая ўвага будзе надавацца палітвязням і іх сем’ям: калі яны звяртаюцца, ім будзе аддавацца прыярытэт. Кансультацыі будуць праводзіць медыкі, вымушаныя пакінуць краіну.
2️⃣ Другі — даследаванні і распрацоўка канцэпцыі рэфармавання аховы здароўя, якія мы праводзім сумесна з прафсаюзам «Салідарнасць». Праблемы ў беларускай сістэме аховы здароўя назапашваліся гадамі, набылі сістэмны характар, і сёння ўжо немагчыма абысціся касметычнымі выпраўленнямі. Мы разлічваем прадставіць разумны, зразумелы і навукова абгрунтаваны план рэформаў.
3️⃣ Пытанні дапамогі і падтрымкі беларускiх добраахвотнікаў у Украiне і іх сем’яў. Гэтым ва Украіне займаецца Анастасія Махамед, аднак яе мандат значна шырэйшы.
Цяпер ва Украіне ў цэлым вельмі складаная сітуацыя, паколькі 1 жніўня была прынятая пастанова № 141, пасля якой многія з іх рызыкуюць атрымаць статус нелегалаў. Ёсць цяжкасці з атрыманнем дазволу на жыхарства і пратэрмінаванымі дакументамі, якія не прызнаюцца, а паехаць у Беларусь і замяніць іх няма магчымасці. Наша задача — выходзіць на як мага больш высокі ўзровень ва Украіне і заяўляць пра ўсе гэтыя праблемы.
4️⃣ Пытанні вызвалення палітвязняў і дапамогі ім. Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы ўваходзіць у каардынацыйныя штабы ў Вільнюсе і Варшаве. Гэта тэма, якая часта абмяркоўваецца непублічна, аднак для нас, напрыклад, надзвычай важна своечасова разумець, калі можа з’явіцца чарговае «акно магчымасцяў».
5️⃣ Пытанні міграцыі. Тут мы пераважна вядзём кропкавую адрасную працу з канкрэтнымі выпадкамі. Супрацоўнічаючы з Офісам Святланы Ціханоўскай і народнымі амбасадамі, мы стараемся вырашаць праблемы, з якімі да нас звяртаюцца беларускі і беларусы.
6️⃣ Пытанні гендарнай роўнасці — гэта напрамак, якім я займалася да прызначэння. Я працягну гэтую працу, аднак у планах — знайсці намесніцу, якая паступова пачне пераймаць частку маіх абавязкаў, каб я магла засяродзіцца непасрэдна на каардынацыі дзейнасці ўсяго прадстаўніцтва.
На канферэнцыі я прадставіла дзве Канцэпцыі, распрацаваныя эксперткамі, - Антыдыскрымінацыйнага заканадаўства пад каардынацыяй БХК, і Рэформы гендарнай палітыкі па заказу нашага Прадстаўніцтва, з чым мы прадоўжым працу, а таксама іншымі рэформамі. Таксама былі прадстаўлены Гендарныя ўнутраныя палітыкі, над якімі працавалі мы з эксперткамі Рады Еўропы.
Яны будуць датычыцца найперш супрацьдзеяння дыскрымінацыі і харасменту, а таксама таго, як неабходна працаваць з гэтымі пытаннямі. Шчыра спадзяюся, што гэтыя правілы будуць прынятыя на ўзроўні трох структур — КР, АПК і Офіса Святланы Ціханоўскай, каб найперш жанчыны, якія працуюць у гэтых структурах, былі абароненыя і адчувалі сябе ў бяспецы.
Ёсць і больш далёкія планы. У прыватнасці, разам з Вольгай Зазулінскай мы рыхтуем Жаночы беларуска-ўкраінскі палітычны форум».



