Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Легалізацыя беларусаў і пашырэнне палітычнага прадстаўніцтва: Вольга Зазулінская узначаліла Дэмакратычную місію Беларусі ва Украіне

2026-08-09

Вольга Зазулінская пакінула пасаду прадстаўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па сацыяльнай палітыцы і стала кіраўніцай Дэмакратычнай місіі Беларусі ва Украіне.

Мы папрасілі яе расказаць пра галоўныя задачы на новай пасадзе і прыярытэтныя напрамкі працы.

«Першае — запланаваць і арганізаваць сустрэчу з беларусамі ва Украіне. З тымі, хто там жыве і валанцёрыць, а таксама з беларускімі ініцыятывамі і арганізацыямі. Надаць аднолькавую ўвагу як вайскоўцам, так і цывільным.

Вельмі важная тэма легалізацыi: усё, што звязана з пастановай №141, складанасцямі пры падаўжэнні дазволаў на часовае пражыванне і сітуацыямі, калі ў людзей заканчваецца тэрмін дзеяння пашпартоў. Калі мы гаворым пра беларусаў, гэта, напэўна, галоўны прыярытэт.

Калі мы гаворым пра палітычны кірунак, то неабходна займацца запускам працоўных груп па некалькіх напрамках, пра стварэнне якіх дамовіліся падчас візіту Святланы Ціханоўскай ва Украіну. Цяпер трэба больш шчыльна працаваць над фарміраваннем гэтых двухбаковых груп.

Мы будзем займацца ўсім, што звязана з беларусамі і складанасцямі, з якімі яны сутыкаюцца. Але не з пазіцыі: “Я зараз прыйду і пачну ўсё вырашаць”. Наша задача — праз магчымасці місіі ўзмацніць тое, што рабілася дагэтуль.

Хачу падзякаваць за аказаны давер. Для мяне заняць гэтую пасаду — велізарная адказнасць, таму што сёння Украіна сапраўды з’яўляецца стратэгічным напрамкам для беларусаў. Мы павінны скіроўваць туды рэсурсы — як на вырашэнне праблем беларусаў і беларусак, так і на пашырэнне іх палітычнага прадстаўніцтва ва Украіне. Тое, што апошнім часам украінскія ўлады больш уважліва глядзяць на дэмакратычныя сілы Беларусі, — добрая адпраўная кропка для далейшай працы.

З пасады прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы я сыходжу спакойна, таму што пакідаю там выдатную каманду — людзей, якія сёння працуюць зладжана і эфектыўна».

Main carousel image