Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Павел Латушка: Беларусы заўсёды здолеюць дамовіцца з беларусамі. Таму што Беларусь у нас адна. І таму што мы – адзін народ

2026-08-09

«Новая Беларусь – гэта не геаграфія. Гэта тое, што адбывалася з усімі намі, з усёй краінай у 2020 годзе», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас уступнага слова ў другі дзень Канферэнцыі «Новая Беларусь».

«Мы ўсе – без выключэння – 6 гадоў таму здзейснілі адкрыццё і адкрылі вочы: мы народ, мы нацыя, мы суб’ектныя.

Рэжым здзейсніў жахлівае злачынства – ён развязаў супраць беларусаў вайну і хоча падзяліць нас. За гэтае злачынства абавязкова наступіць адказнасц».

Падчас выступу Павел Латушка таксама звярнуўся да еўрапейскіх партнёраў:

«Падтрымайце расследаванне “беларускай сітуацыі” ў Міжнародным крымінальным судзе, звязанай з дэпартацыяй і прымусам да дэпартацыі сотняў тысяч беларусаў, што з'яўляецца злачынствам супраць чалавечнасці.

З сакавіка 2025 года не былі ўведзены ніводныя санкцыі супраць рэжыму за парушэнні правоў чалавека. Намі былі высланы адпаведныя запыты ў Еўрапейскую камісію пра ўвядзенне новых санкцый, бо рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца».

Павел Латушка падчас выступу адзначыў, што важна рабіць у бліжэйшы час, каб дасягнуць нашай супольнай мэты:

1. Умацаванне дэмакратычных інстытутаў.

2. Абарона правоў і інтарэсаў беларусаў за мяжой. Важна прыняць сур’ёзны выклік, звязаны са зменамі міграцыйнай палітыкі ў краінах-сябрах Еўрапейскага саюза. Неабходна працягваць аказваць падтрымку былым палітзняволеным, і тут вельмі важная праца праводзіцца праваабарончымі арганізацыямі і ініцыятывамі.

3. Падтрымка нацыянальнага адраджэння, культуры і адукацыі. Нацыя жыве датуль, пакуль жыве яе культура і мова.

4. Супрацьдзеянне паглынанню суверэнітэту і прарасійскай прапагандзе.

«Неабходна ўвесці санкцыі ў дачыненні да структур так званай "Саюзнай дзяржавы", якую Расія выкарыстоўвае для дэмантажу нашай незалежнасці».

5. Важна, каб павялічваліся выдзяляемыя Еўрапейскім саюзам рэсурсы для эфектыўнага супрацьдзеяння магутнай прарасійскай прапагандысцкай машыне.

6. Сёння ўзрастаюць пагрозы ўцягвання Беларусі ў гарачую фазу вайны. Менавіта таму ў Аб’яднаным Пераходным Кабінеце прынята рашэнне аб стварэнні Сітуацыйнага штаба.

7. Працяг падтрымкі Украіны і нашых добраахвотнікаў.

8. Працяг працы па прыцягненні да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці супраць беларускага народа, за незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей у Міжнародным крымінальным судзе, а таксама за злачынства агрэсіі ў межах ствараемага Спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі супраць Украіны.

«Мы добра разумеем адзін аднаго. Разумеем, як нам цяжка. Як за гэтыя гады назапасілася стомленасць, боль, адчуванне нявызначанасці і часам выгаранне. Ці ёсць у нас іншы варыянт? Іншы варыянт — гэта здацца.
Такога варыянту для нас не існуе. У нас проста няма права спыніцца. Нам цяжка, але мы мусім ісці далей. Бо акрамя нас гэтага не зробіць ніхто.

Вокны магчымасцяў для пачатку перамоў пра транзіт могуць адкрывацца раптоўна. Адным з іх можа стаць і пачатак працэсу перамоў пра мір па завяршэнні вайны Расіі супраць Украіны. Да гэтага мы таксама мусім быць гатовыя і дакладна трансляваць сваю пазіцыю:

Па-першае: сітуацыя ў Беларусі і яе змяненне мусяць быць абавязковым прадметам гэтых перамоў. І суб’ектнасць, інтарэсы беларускага грамадства мусяць быць у іх улічаныя.

Па-другое: пачатак унутранага дыялогу ў фармаце Круглага стала паміж дзеючымі ўладамі і дэмсіламі мусіць быць умовай для ўдзелу Беларусі ў мірных перамовах як аднаго з бакоў.

Мы прайшлі праз каласальныя выпрабаванні. Але мы захавалі галоўнае – усведамленне сябе і сваёй суб’ектнасці. Мы вернем сабе свой дом, вернемся да родных і блізкіх і адновім справядлівасць. Бо беларусы заўсёды здолеюць дамовіцца з беларусамі.

Мы мусім памятаць. Наш дом – адзін. Наш лёс – супольны. Давайце не забываць пра гэта.

Таму што Беларусь у нас адна. І таму што мы – адзін народ!».

Main carousel image