«Раёнка»: для беларусаў і беларусак унутры краіны ствараюць анлайн-паліклініку з лекарамі ў выгнанні
2026-08-08
На канферэнцыі «Новая Беларусь» намеснік прадстаўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па сацыяльнай палітыцы Станіслаў Салавей прэзентаваў праект «Раёнка».
— «Раёнка» — гэта, па сутнасці, анлайн-паліклініка, разлічаная на ўразлівыя групы. Пад імі мы маем на ўвазе не толькі палітвязняў, шматдзетныя сем’і і бацькоў-адзіночак. Мы таксама адносім да іх людзей, якія жывуць па-за вялікімі гарадамі — у невялікіх гарадах і вёсках, дзе часта ўзнікаюць праблемы з даступнасцю і якасцю медыцынскай дапамогі.
Нават у каментарах у дзяржаўных СМІ мы пастаянна бачым адну і тую ж праблему: не хапае лекараў, пацыенты скардзяцца на чэргі і гэтак далей. Трэба разумець і тое, што паслядыпломная падрыхтоўка нашых медыкаў вельмі кароткая. Для некаторых спецыялістаў розніца асабліва істотная: умоўна кажучы, падрыхтоўка кардыёлага ў Польшчы займае пяць гадоў, а ў Беларусі — адзін год. На жаль, гэта адбіваецца на якасці медыцынскай дапамогі. Паводле наяўных даных, толькі 14% беларусаў атрымліваюць адэкватную дапамогу пры інфаркце.
Можна згадаць і каментары дзяржаўных чыноўнікаў, якія кажуць: «Пачакайце. Мы замовілі дзесяць інтэрнаў — чакайце, іх дашлюць».
Таму «Раёнка» будзе дапамагаць беларусам, якія не маюць магчымасці атрымаць належную медыцынскую кансультацыю, атрымліваць яе анлайн.
Асобнае пытанне — бяспека. У праекце будуць працаваць толькі лекары, якія ўжо з’ехалі з Беларусі. І пацыенты, і лекары будуць ананімнымі. Іх верыфікацыяй будуць займацца розныя людзі: медыкаў будуць верыфікаваць адны спецыялісты, а пацыентаў, якія знаходзяцца ў Беларусі, — іншыя.
Гэта робіцца дзеля іх абароны, таму што мы разумеем: дзяржава вельмі нервова рэагуе, калі мы спрабуем паказаць, што з медыцынскай дапамогай у краіне нешта не так. Добрая дзяржаўная медыцына — адзін з апошніх слупоў міфа пра тое, што ў Беларусі ўсё добра. На жаль, рэальная сітуацыя іншая.
Мы спадзяёмся, што ўжо ў наступным месяцы пачнём набіраць першых пацыентаў.



