Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Святлана Ціханоўская: «Перамены ў Беларусі — гэта пытанне часу»

2026-08-08

Кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская выступіла з уступным словам на адкрыцці Канферэнцыі «Новая Беларусь». Яна падкрэсліла, што падзеі 2020 года змянілі беларускае грамадства і запусцілі працэсы, якія немагчыма адмяніць.

«Гэта быў момант, калі абудзілася нашая нацыя. Калі мы ўсвядомілі сваю сілу. І сталі іншымі.

Так, мы не перамаглі тады.

Але нельга сказаць, што мы і прайгралі.

2020-ы запусціў працэсы, якія немагчыма адмяніць».

Па словах Святланы Ціханоўскай, за гэтыя шэсць гадоў беларусы навучыліся самаарганізацыі, салідарнасці і дыпламатычнай працы, стварылі ўласныя структуры, медыя і культурныя праекты, знайшлі міжнародных саюзнікаў. Нягледзячы на рэпрэсіі і вымушаную эміграцыю, беларускае грамадства працягвае ўплываць на будучыню краіны.

«Маючы мізэрную прастору для палітычнай працы, мы выціскаем з кожнага яе міліметра максімум.

Дзякуючы гэтай працы сёння свет ведае дзве простыя рэчы:

Беларусы — гэта не рэжым.

А Беларусь — гэта не Расія».

Кіраўніца Кабінета адзначыла і новую дынаміку вакол Беларусі за апошні год: вызваленне часткі палітвязняў, змены ў пазіцыі Украіны і расследаванне злачынстваў рэжыму ў Гаазе. На яе думку, гэтыя змены сталі магчымымі дзякуючы супольнай працы беларусаў і міжнародных партнёраў.

«Гэта ўсё не адбылося само па сабе.

Гэта ўсё вынік нашай з вамі працы. Праца праваабаронцаў, журналістаў, палітыкаў, актывістаў, валанцёраў, і канешне, нашых замежных сяброў.

І я ўпэўненая: мы можам яшчэ больш».

Сярод галоўных задач дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская назвала вызваленне ўсіх палітвязняў і спыненне кола рэпрэсій, захаванне беларускай суб’ектнасці, мовы, культуры і ідэнтычнасці, недапушчэнне поўнага ўцягвання Беларусі ў вайну і гатоўнасць скарыстацца новым акном магчымасцяў.

«І ў рэшце рэшт, мы можам паўплываць на стварэнне новага акна магчымасцяў — і быць гатовымі ім скарыстацца.

Бо перамены ў Беларусі — гэта пытанне часу.

Як бы ні фоташопілі Лукашэнку на БелТА, яго час непазбежна сыходзіць».

Менавіта таму, падкрэсліла Кіраўніца Кабінета, ужо цяпер неабходна думаць пра постлукашэнкаўскую Беларусь: як не дапусціць хаосу, вярнуць законнасць і бяспеку, правесці свабодныя выбары, вывесці краіну з-пад расійскага кантролю і вярнуць яе ў еўрапейскую сям’ю.

«Будуць гэта натуральныя прычыны, раскол у сістэме, ці нешта, чаго сёння ніхто з нас не можа прадбачыць, — мы не ведаем.

Але трэба думаць ужо цяпер, як постлукашэнкаўская Беларусь будзе выглядаць».

Асобна Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў унутры краіны з заклікам не губляць веры, захоўваць сувязі і шукаць бяспечныя формы ўдзелу, а беларусаў за мяжой — быць актыўнымі і бачнымі.

«Нам дапамагаюць тады, калі нас ведаюць, бачаць і нам давяраюць».

Галоўным, што беларусам важна захаваць з 2020 года, Святлана Ціханоўская назвала адчуванне еднасці і ўзаемнай падтрымкі.

«Падтрымлівайце адно аднаго. Асабліва тых, хто толькі выйшаў з турмы. Тых, хто апынуўся ў выгнанні. Тых, хто пачынае жыццё з нуля.

І яшчэ — заўважайце добрае.

Дзякуйце людзям за працу.

Не саромейцеся сказаць чалавеку побач: «Ты малайчына. Тое, што ты робіш, важна».

Бо часам добрае слова нятхняе чалавека мацней за сотню стратэгій.

Я упэўнена, разам у нас усё атрымаецца, і мы ўсё адолеем.

Жыве Беларусь!»

Main carousel image