Выступаючы сёння на Нарадзе групы бяспекі, прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Вадзім Кабанчук адзначыў, што ўсё больш звестак пацвярджае: Расія рыхтуе эскалацыю ў дачыненні да Еўрапейскага саюза, у тым ліку на беларускай мяжы.
2026-08-07
Каментуючы нам сітуацыю, ён удакладніў:
«Мы бачым, што Пуцін не збіраецца спыняцца, нягледзячы на тое, што не можа дамагчыся ваеннай перамогі на цяперашняй лініі фронту. На гэтым фоне ўзмацняюцца ўдары па ўкраінскіх гарадах, складах і грамадзянскай крытычнай інфраструктуры. Украіна таксама нарошчвае інтэнсіўнасць удараў, аднак выбірае легітымныя цэлі. Акрамя таго, Украіна заяўляе, што літаральна ў найбліжэйшы час разлічвае паставіць на ўзбраенне балістычныя ракеты, з дапамогай якіх пры парытэтнай колькасці зможа даваць адэкватны адказ на расійскія бамбардзіроўкі. Гэта яшчэ адзін маркер таго, што Пуцін будзе вымушаны пайсці на пэўныя крокі, каб выйсці з фактычна патавай для яго сітуацыі.
Яму неабходна як мага хутчэй завяршаць вайну. Але паколькі Расія не можа зрабіць гэтага праз ультыматумы, не падмацаваныя ваеннымі поспехамі, на маю думку, будзе зроблена спроба аказаць ціск на краіны ЕС, бо цяпер Украіна захоўвае ваенную ўстойлівасць шмат у чым дзякуючы намаганням Еўропы.
Мы бачым, што ў Балтыйскім рэгіёне вядзецца падрыхтоўка да ўзмацнення расійскіх груповак — як у Калінінградскім эксклаве, так і вакол краін Балтыі, а таксама на мяжы з Фінляндыяй. Там разгортваецца ваенная і лагістычная інфраструктура, фармуюцца і папаўняюцца асабовым складам вайсковыя часці.
Таксама мы бачым, што назапашваюцца сілы і сродкі, у тым ліку цяжкая тэхніка і дроны. Класічныя дроны «Шахед» цяпер радзей выкарыстоўваюцца супраць Украіны. З гэтага можна зрабіць выснову, што іх проста назапашваюць для выканання пэўных задач супраць краін, якія не маюць такой эфектыўнай супрацьпаветранай абароны, як Украіна.
Чаму гэта важна для нас, беларусаў? Таму што ў выпадку ўзнікнення крызісу ў Балтыйскім рэгіёне перад расіянамі рана ці позна паўстане задача разблакаваць Калінінградскі эксклаў — гэта значыць прабіць Сувалкскі сухапутны калідор. Зрабіць гэта можна толькі з тэрыторыі Беларусі.
Існуе таксама небяспека, што Беларусь зноў будзе выкарыстоўвацца як плацдарм для падрыхтоўкі мабілізаваных. Калі да нас увядуць дзясяткі тысяч чалавек нібыта для навучання, найхутчэй, гэтыя войскі ўжо не выведуць і будуць выкарыстоўваць для адпраўкі ў Еўропу або Украіну. Нельга выключаць, што можа пачацца масавы прызыў і беларускіх грамадзян, як гэта было ў Луганскай і Данецкай абласцях. Жаданне або нежаданне Лукашэнкі ў такім выпадку не будзе мець значэння: ён даўно страціў суб’ектнасць і будзе альбо прымушаны падпарадкавацца, альбо адхілены.
Што гэта будзе азначаць для беларусаў і беларусак? Тое, што ў наш дом прыйдзе сапраўдная вайна, бо бакі, найхутчэй, пачнуць абменьвацца ўзаемнымі ўдарамі, у тым ліку па тэрыторыі Беларусі. Застаецца спадзявацца, што ўдары будуць наносіцца найперш па ваенных цэлях, аднак, на жаль, «спадарожныя страты» практычна непазбежныя падчас любой вайны.
Мы з боку Аб’яднанага Пераходнага Кабінета падрыхтавалі пэўныя крокі. У сувязі з тым, што сітуацыя пастаянна ўскладняецца, было вырашана стварыць сітуацыйны штаб, гатовы да крызіснага рэагавання. Такім чынам дэмакратычныя сілы ўзмацняюць каардынацыю і рыхтуюцца да магчымых гуманітарных, ваенных або палітычных выклікаў».



