Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Штучны інтэлект: паміж новымі магчымасцямі, пагрозамі і адказнасцю чалавека

2026-08-07

У межах Канферэнцыі «Новая Беларусь» Прадстаўніцтва Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па эканоміцы і фінансах правяло сайд-івэнт «Штучны інтэлект: алгарытм свабоды ці лічбавы аўтарытарызм?».

Прадстаўніца па эканоміцы і фінансах Аліса Рыжычэнка прадставіла BelSOE.org — платформу для незалежнага аналізу фінансавага стану беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў, распрацаваную камандай Прадстаўніцтва як частку канцэпцыі рэформы дзяржаўнага сектара.

ШІ на платформе выкарыстоўваецца для пошуку і структуравання інфармацыі, але не для прыняцця канчатковых рашэнняў адносна далейшага лёсу прадпрыемства.
«Штучны інтэлект мы выкарыстоўвалі толькі на пачатку — для пошуку інфармацыі. Гэта было свядомае рашэнне, таму што лёс прадпрыемства не можа вырашаць штучны інтэлект. Гэта павінен вырашаць чалавек»,
— адзначыла Аліса Рыжычэнка.

Пілотны аналіз ахапіў 100 дзяржаўных прадпрыемстваў. Паводле папярэдніх вынікаў, 60 з іх патрабуюць рэструктурызацыі, 35 могуць разглядацца для прыватызацыі і толькі адно — для ліквідацыі. Канчатковыя рашэнні пры гэтым павінны прымацца на падставе поўных даных, прафесійнага аўдыту і з улікам сацыяльнай значнасці прадпрыемстваў.

Пасля прэзентацыі платформы ўдзельнікі перайшлі да дыскусіі пра ролю штучнага інтэлекту ў будучай Беларусі, межы яго выкарыстання і адказнасць чалавека. Асобную ўвагу надалі рызыкам для персанальных даных, магчымаму выкарыстанню тэхналогій для сачэння, прапаганды, маніпуляцый і палітычных рэпрэсій.

❤️Дырэктарка ініцыятывы «Сумленныя людзі» Лена Жываглод звярнула ўвагу на тое, як генератыўны ШІ зрабіў прапагандысцкія аперацыі таннейшымі, хутчэйшымі, маштабнейшымі і больш персаналізаванымі.
Стварыць фэйк сёння можна за секунды, тады як на пошук першакрыніцы, доказаў і падрыхтоўку абвяржэння патрэбна значна больш часу.
«Калі мы гаворым пра гонку фэйкаў і фактчэкінгу, то мы тут прайграём. Фэйк стварыць хутка, а правесці фактчэкінг — адназначна даўжэй».
Таму, паводле Лены Жываглод, важна не толькі абвяргаць асобныя фэйкі, але і выкрываць сеткі, каардынацыю крыніц і сістэмныя прапагандысцкія наратывы, а таксама загадзя вучыць аўдыторыю распазнаваць маніпуляцыі.

❤️Эксперт па лічбавай бяспецы Мікалай Кванталіяні адзначыў яшчэ адну праблему — няроўны доступ беларусаў да сучасных мадэляў ШІ. Унутры Беларусі паўнавартаснае карыстанне вядучымі сэрвісамі абмежавана тэхнічнымі, геаграфічнымі і фінансавымі бар’ерамі.
«Калі OpenAI або Claude падпішуць пагадненне з Новай Беларуссю, каб беларусы маглі атрымаць бясплатны доступ за прыхільнасць дэмакратычным каштоўнасцям? Вось задача. Мы можам крыху спазніцца ў развіцці штучнага інтэлекту — давайце падпішам такое пагадненне ўжо заўтра».
Паводле эксперта, доступ да магутных мадэляў становіцца не толькі пытаннем тэхналагічнай канкурэнтаздольнасці, але і бяспекі. Адначасова ШІ спрашчае працу махляроў: дазваляе масава ствараць фішынгавыя паведамленні, падрабляць выявы, відэа і галасы.

Асобна ён звярнуў увагу на бяспеку Telegram: пасля ўзлому акаўнта зламыснікі могуць атрымаць не толькі перапіску і кантакты, але і матэрыял для імітацыі голасу, манеры камунікацыі і стварэння фальшывых відэа.

❤️Каардынатар платформы «Тры Сланы» ў камандзе «Новая Беларусь» Данііл Гаркавы расказаў, як ШІ дапамагае скарачаць руцінную працу і эканоміць час — ад праверкі кода і аўтаматызацыі збору даных да стварэння карыстальніцкіх інструментаў.
«У аперацыйнай дзейнасці ШІ паскарае нас, робіць працу прасцейшай, менш руціннай, больш выніковай і цікавай, а таксама пашырае нашы магчымасці».
Разам з тым моўныя мадэлі могуць навучацца на матэрыялах, якія масава распаўсюджваюць прапагандысцкія сеткі. У выніку скажоныя наратывы можа паўтараць ужо чат-бот, якому давярае карыстальнік. Каманда «Трох Сланоў» распрацоўвае інструмент, які дапаможа адсочваць распаўсюджванне прапаганды і выяўляць скаардынаваныя ўкіды.

❗️Галоўная выснова дыскусіі: штучны інтэлект сам па сабе не з’яўляецца інструментам свабоды ці аўтарытарызму. Вызначальнымі застаюцца мэты яго выкарыстання і тое, у чыіх руках знаходзіцца тэхналогія.

Main carousel image