Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Мова, культура, адукацыя і медыя: пра што гаварылі на сайд-івэнце Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні

2026-08-07

У межах Канферэнцыі «Новая Беларусь» Прадстаўніцтва Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па нацыянальным адраджэнні правяло сайд-івэнт «Мова, культура, адукацыя і медыя: нябачны фронт за Беларусь».

Падчас мерапрыемства былі прадстаўлены чатыры policy papers, прысвечаныя беларускай мове, культуры, адукацыі і навуцы, а таксама медыя і стратэгічным камунікацыям.

У цэнтры ўсіх чатырох дакументаў — захаванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці ва ўмовах русіфікацыі, рэпрэсій, расійскага інфармацыйнага і культурнага ўплыву, ізаляцыі Беларусі і вымушанай эміграцыі значнай часткі грамадзянскай і прафесійнай супольнасці.

Ірэна Кацяловіч, намесніца прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні ў пытаннях культуры, звярнула ўвагу на мэтанакіраванае перафарматаванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці Расіяй і рэжымам Лукашэнкі. У policy paper прапануецца перайсці ад падтрымкі культуры дзеля яе выжывання да яе сістэмнага ўзмацнення — як элемента дэмакратычнай устойлівасці, нацыянальнай бяспекі і будучай незалежнасці Беларусі.

Андрэй Лаўрухін прадставіў аналіз стану беларускай адукацыі і навукі. Сярод галоўных пагроз — ізаляцыя ад еўрапейскай адукацыйнай прасторы, расійская каланізацыя, рэпрэсіі і страта чалавечага капіталу. Адна з ключавых прапаноў — умацоўваць незалежную беларускую акадэмічную супольнасць і яе міжнароднае прадстаўніцтва, а таксама пераходзіць ад кароткатэрміновай дапамогі да ўстойлівай падтрымкі інстытутаў.

Спецыялістка па інфармацыі і стратэгічнай камунікацыі Ксенія прадставіла policy paper пра захаванне і прасоўванне беларускасці праз медыя і камунікацыю. Сярод галоўных выклікаў — расійскі інфармацыйны ўплыў, рэпрэсіі, нябачнасць Беларусі як самастойнага актара і недахоп каардынацыі ў дэмакратычным полі. Адна з прапаноў — стварэнне агульнай пляцоўкі для стратэгічных камунікацый, якая дапаможа розным актарам каардынаваць працу, захоўваючы сваю незалежнасць.

Павел Баркоўскі, прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні, прадставіў тры магчымыя сцэнарыі будучыні беларускай мовы: паскоранае знікненне, павольнае згасанне або аднаўленне. Каб рэалізаваць трэці сцэнарый, неабходныя каардынацыя, устойлівая падтрымка беларускамоўных праектаў, развіццё адукацыі і медыя, папулярызацыя мовы і падрыхтоўка да зменаў пасля дэмакратычнага транзіту.

«Наша задача не ў тым, каб усіх падначаліць і павесці ў светлую будучыню. Наша задача — дбаць, каб на стратэгічным узроўні былі каардынацыя і сумесная сінергія»,
— падкрэсліў Павел Баркоўскі.

Агульная выснова чатырох policy papers: мова, культура, адукацыя і інфармацыйная прастора — гэта не другасныя пытанні, а аснова беларускай суб’ектнасці і незалежнасці.

Таму, як адзначыў Павел Баркоўскі, важна, каб праца не завяршалася прэзентацыяй дакументаў. Наступны крок — стварэнне кааліцый, пошук партнёраў, каардынацыя і пераход ад асобных ініцыятыў да доўгатэрміновай сумеснай стратэгіі.

Main carousel image