Данііл Гаркавы: тэхналогіі не заменяць даверу і грамадскага ўдзелу
2026-08-07
Данііл Гаркавы, каардынатар платформы «Тры Сланы» ў камандзе «Новая Беларусь», расказаў, як штучны інтэлект дапамагае ў штодзённай працы. ШІ выкарыстоўваецца для праверкі кода, падрыхтоўкі сцэнарыяў тэставання, аўтаматызацыі збору даных і як «інтэлектуальны спарынг-партнёр» падчас стратэгічных сесій.«У аперацыйнай дзейнасці ШІ паскарае нас, робіць працу прасцейшай, менш руціннай, больш выніковай і цікавай, а таксама пашырае нашы магчымасці».
Для карыстальнікаў «Тры Сланы» прапануюць персанальнага лічбавага асістэнта, аўтаматычную ацэнку агрэсіўнасці каментароў, генерацыю стужкі навін і стварэнне візуалаў паводле тэкставых запытаў. Пакуль гэта асобныя інструменты, галоўная задача якіх — эканоміць чалавечы час. Наступнае абнаўленне павінна яшчэ больш аўтаматызаваць працу і скараціць шлях карыстальніка да патрэбнага выніку.
Разам з тым ШІ стварае новыя выклікі. Прапагандысцкія сеткі масава публікуюць матэрыялы, на якіх пасля могуць навучацца моўныя мадэлі. У выніку скажоныя наратывы можа паўтараць ужо не прапагандысцкі сайт, а чат-бот, якому давярае карыстальнік.
Каманда распрацоўвае інструмент, які дапаможа адсочваць ланцужкі распаўсюджвання прапаганды і вызначаць скаардынаваныя ўкіды. Аднак такая праца патрабуе вялікіх рэсурсаў.«Ці можна распрацаваць інструмент, які вылічвае атручванне мадэляў? Так, можна. Такія інструменты ўжо ёсць. Але, шчыра кажучы, гэта каштуе шалёна дорага».
«Тры Сланы» могуць разглядацца і як прататып будучай сістэмы грамадзянскага ўдзелу: чалавек рэгіструецца, атрымлівае інфармацыю, удзельнічае ў абмеркаваннях і падтрымлівае петыцыі. Але адных тэхналогій і зручнасці недастаткова, каб вярнуць грамадскую цікавасць, якая зніжаецца пасля ўздыму 2020 года.«Людзі ахвотней пагаджаюцца на тое, што можна зрабіць прасцей і хутчэй. Але карэннае пытанне — наколькі ім гэта цікава. І гэта ўжо не пытанне тэхналогіі, а пытанне адукацыі, сацыяльнай культуры, сфармаванай нормы і прыкладаў».
Немагчыма прадказаць і тое, ці будуць беларусы пасля дэмакратычных пераменаў больш давяраць лічбавым сістэмам. Пасля працяглага крызісу даверу да ўлады камусьці можа быць прасцей паверыць у бесстароннюю машыну, але магчымы і адваротны сцэнар.«Тэхналогія заўсёды другасная. Першасныя — рашэнне і сацыяльны кантракт наконт таго, як яе выкарыстоўваць».
Таму рыхтавацца да лічбавай трансфармацыі Беларусі трэба ўжо цяпер. Данііл прапануе стварыць экспертную камісію і распрацаваць палітычную і этычную рамку выкарыстання ШІ, а таксама вывучаць досвед Эстоніі, Латвіі, Літвы, Украіны і Казахстана — не толькі паспяховыя прыклады, але і памылкі.«Трэба метадычна збіраць гэтыя “балячкі”, запісваць і ўлічваць іх, каб потым не наступаць на тыя ж граблі. Гэта можна рабіць ужо цяпер, не чакаючы дэмакратычных зменаў».



