Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Мікалай Кванталіяні: беларусы рызыкуюць спазніцца ў развіцці штучнага інтэлекту

2026-08-07

Мікалай Кванталіяні, эксперт па лічбавай бяспецы, звярнуў увагу на няроўны доступ беларусаў да сучасных тэхналогій. Унутры краіны паўнавартасна карыстацца ChatGPT, Claude і іншымі вядучымі мадэлямі складана праз тэхнічныя, геаграфічныя і фінансавыя абмежаванні.

«У беларусаў у Беларусі няма нармальнага доступу да ChatGPT і Claude. Патрэбныя VPN, еўрапейская картка і танцы з бубнам»,
— апісаў сітуацыю эксперт.

Фармальна частка інструментаў даступная, але бясплатныя версіі абмежаваныя, а для падпіскі патрэбныя замежныя плацежныя сродкі. У выніку беларусы вымушаныя карыстацца слабейшымі мадэлямі, перадаваць ім свае даныя або заставацца па-за сучаснымі тэхналагічнымі працэсамі.

Тым часам іншыя дзяржавы ўжо будуюць сістэмнае супрацоўніцтва з распрацоўшчыкамі ШІ: Эстонія — з OpenAI, Вялікабрытанія — з Anthropic, а інструменты ШІ ўкараняюцца ў адукацыйныя праграмы і школы.

«Калі OpenAI або Claude падпішуць пагадненне з Новай Беларуссю, каб беларусы маглі атрымаць бясплатны доступ за прыхільнасць дэмакратычным каштоўнасцям? Вось задача. Мы можам крыху спазніцца ў развіцці штучнага інтэлекту — давайце падпішам такое пагадненне ўжо заўтра»,
— прапанаваў Кванталіяні.

Доступ да магутных мадэляў становіцца пытаннем не толькі тэхналагічнай канкурэнтаздольнасці, але і бяспекі. ШІ можа аўтаматычна знаходзіць уразлівасці і дапамагаць іх закрываць, але гэтыя магчымасці найперш атрымліваюць тыя, хто мае доступ да найлепшых распрацовак.

«Мадэлі дазваляюць абараняцца. Але каму? Таму, хто валодае мадэллю і хто з ёй сябруе».

Адначасова ШІ спрашчае працу махляроў: адзін чалавек можа масава ствараць фішынгавыя сайты і паведамленні на розных мовах, падрабляць выявы, відэа і галасы — тое, для чаго раней патрабавалася цэлая каманда.

Асобная небяспека звязаная з Telegram. Пасля ўзлому акаўнта зламыснікі могуць атрымаць гісторыю ліставання, фота, відэа і галасавыя паведамленні. На падставе гэтых даных можна вывучыць стыль камунікацыі і кола кантактаў чалавека, а з дапамогай ШІ — імітаваць яго голас або стварыць фальшывае відэа.

«Хто запісвае галасавыя паведамленні? Падыміце рукі. Калі вас узламаюць, атрымаюць доступ і да вашых галасавых»,
— папярэдзіў эксперт.

Таму абарона Telegram-акаўнта — гэта ўжо не толькі таямніца перапіскі, але і абарона ўласнай лічбавай асобы: голасу, манеры размовы, кантактаў і асабістай інфармацыі, якую могуць выкарыстаць для падману сваякоў, сяброў або калег.

Main carousel image