Выступаючы на сайд-івэнце «Штучны інтэлект: алгарытм свабоды ці лічбавы аўтарытарызм?», Лена Жываглод , дырэктарка ініцыятывы «Сумленныя людзі», расказала, як штучны інтэлект змяніў працу прапаганды, ботафермаў і фабрык троляў.
2026-08-07
Сама тэхналогія ўплыву не новая: боты і тролі і раней выкарыстоўваліся, каб імітаваць грамадскую думку, уплываць на выбар людзей і нават вынікі выбараў.«Штучны інтэлект не адкрыў гэтую тэхналогію ўплыву. Ён зрабіў такія аперацыі таннейшымі, хутчэйшымі, маштабнейшымі і больш персаналізаванымі»,
— падкрэсліла Лена.
Генератыўны ШІ дазваляе хутка ствараць вялікую колькасць каментароў, допісаў, выяў, відэа і дыпфэйкаў, адаптуючы іх да розных аўдыторый. Для гэтага больш не патрэбныя тысячы супрацоўнікаў на «фабрыцы троляў».
Выкарыстанне такіх інструментаў Расіяй ужо пацверджана міжнароднымі даследаваннямі, матэрыяламі Міністэрства юстыцыі ЗША і справаздачамі OpenAI. У выпадку Беларусі, адзначыла Жываглод, маштабных задакументаваных даследаванняў пакуль недастаткова. Прапагандысцкія каментары і кампаніі ўплыву добра бачныя, але нельга сцвярджаць, што кожны бот ці каментар створаны з дапамогай ШІ.
Адна з галоўных задач ботафермаў — стварыць ілюзію масавай падтрымкі. Сотні аднолькавых каментароў могуць прымусіць чалавека паверыць, што пэўная пазіцыя з’яўляецца пазіцыяй большасці. Нават калі сама прапаганда яго не пераканае, чалавек можа адчуць сябе ў меншасці і адмовіцца ад публічнага выказвання сваёй думкі.«Чалавек бачыць, што там ужо мільярд каментароў, і думае: з адным сваім каментаром за Ціханоўскую можна ўжо і не сунуцца»,
— патлумачыла Лена.
Яшчэ адна праблема — няроўная хуткасць фэйкаў і фактчэкінгу. Стварыць фальшывае паведамленне з дапамогай ШІ можна за секунды, а каб знайсці першакрыніцу, сабраць доказы і падрыхтаваць абвяржэнне, патрэбна значна больш часу.«Калі мы гаворым пра гонку фэйкаў і фактчэкінгу, то мы тут прайграём. Фэйк стварыць хутка, а правесці фактчэкінг — адназначна даўжэй».
Аднак рост колькасці прапагандысцкага кантэнту не азначае такога ж росту даверу і ўцягнутасці аўдыторыі. Таму дэмакратычным медыя і ініцыятывам не варта спрабаваць абвергнуць кожны фэйк. Больш эфектыўна выкрываць сеткі і каардынацыю крыніц, паказваць сістэмныя прапагандысцкія наратывы і тлумачыць механізмы маніпуляцыі.
Яшчэ адзін інструмент — прэбанкінг, своеасаблівая інфармацыйная «вакцынацыя». Аўдыторыі загадзя тлумачаць устойлівыя наратывы, метады прапаганды і прыкметы фэйкаў, каб пры сустрэчы з маніпуляцыяй чалавек мог яе распазнаць і крытычна ацаніць.



