На адкрыцці сайд-івэнту «Штучны інтэлект: алгарытм свабоды ці лічбавы аўтарытарызм?», які праходзіць у межах Канферэнцыі «Новая Беларусь», прадстаўніца па эканоміцы і фінансах Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Аліса Рыжычэнка адзначыла: штучны інтэлект ужо стаў часткай нашага жыцця і дзяржаўнай інфраструктуры — ад медыцыны і даследаванняў да аналізу даных.
2026-08-07
Разам з магчымасцямі ўзнікаюць і рызыкі. ЕС адначасова ўводзіць правілы выкарыстання ШІ і ўкладае мільярды еўра ў яго развіццё. Таму галоўнае пытанне не ў тым, ці выкарыстоўваць штучны інтэлект, а ў тым, хто, як і дзеля чаго будзе гэта рабіць.
Практычны прыклад дэмакратычнага выкарыстання ШІ — BelSOE.org, платформа для незалежнага аналізу фінансавага стану беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў, распрацаваная камандай Прадстаўніцтва па эканоміцы і фінансах як частка канцэпцыі рэформы дзяржаўнага сектара.
Патрэба ў такім інструменце ўзнікла праз недаступнасць і нізкую якасць афіцыйных звестак: частка даных схаваная, частка публікуецца без зразумелай метадалогіі, а справаздачы аднаго прадпрыемства за розныя гады могуць знаходзіцца на розных рэсурсах і ў розных фарматах.
ШІ выкарыстоўваецца на першым этапе — каб знаходзіць інфармацыю і прыводзіць яе да адзінай формы. Пасля шасці праверак платформа разлічвае дзевяць паказчыкаў, фарміруе шэсць вымярэнняў, ацэньвае стан прадпрыемства і прапануе папярэдні маршрут рэформы. Карыстальнік можа пабачыць даныя і сігналы, на якіх грунтуецца выснова.«Штучны інтэлект мы выкарыстоўвалі толькі на пачатку — для пошуку інфармацыі. Гэта было свядомае рашэнне, таму што лёс прадпрыемства не можа вырашаць штучны інтэлект. Гэта павінен вырашаць чалавек»,
— падкрэсліла Аліса Рыжычэнка.
Пілот ахапіў 100 дзяржаўных прадпрыемстваў з розных рэгіёнаў і галін. 56 з іх ацэненыя як праблемныя, 24 — як устойлівыя, 12 — як моцныя, шэсць — як крытычныя. Яшчэ па двух не хапіла даных. Пры гэтым платформа не падмяняе адсутную інфармацыю, а пазначае, калі даных недастаткова або патрэбная дадатковая праверка.
Вынікі таксама аспрэчваюць страх, што пасля дэмакратычных зменаў усе дзяржаўныя прадпрыемствы будуць прададзеныя або закрытыя. Паводле папярэдняга аналізу, 35 могуць разглядацца для прыватызацыі, 60 патрабуюць рэструктурызацыі і толькі адно — ліквідацыі.
Аднак прапанаваны маршрут не з’яўляецца прысудам: канчатковае рашэнне павінна прымацца чалавекам на падставе поўных даных, прафесійнага аўдыту і з улікам сацыяльнай значнасці прадпрыемства.
У дэмакратычнай сістэме такая платформа можа стаць інструментам грамадскага кантролю — паказваць стан дзяржаўных актываў, куды ідуць падаткі і субсідыі, і загадзя папярэджваць пра праблемы. У руках аўтарытарнага рэжыму тая ж тэхналогія можа ператварыцца ў «чорную скрыню», сродак сачэння і кантролю.«Штучны інтэлект — гэта тэхналогія, якая працуе на тыя рукі, у якіх яна знаходзіцца»,
— рэзюмавала Аліса Рыжычэнка.
Алгарытм не павінен вырашаць лёсы людзей або прадпрыемстваў. Яго задача — вызваляць чалавека ад механічнай працы, рабіць дзяржаўныя даныя больш даступнымі, а ўладу — больш празрыстай і падсправаздачнай грамадству. Менавіта мэты выкарыстання вызначаюць, чым стане ШІ: алгарытмам свабоды ці інструментам лічбавага аўтарытарызму.



